85-годдзя з дня нараджэння народнага майстра Рэспублікі Беларусь Мар’яна Антонавіча Скрамблевіча | Отдел культуры Гродненского районного исполнительного комитета

25 Мар 2024

85-годдзя з дня нараджэння народнага майстра Рэспублікі Беларусь Мар’яна Антонавіча Скрамблевіча

25 сакавіка ў Гродзенскім райвыканкаме адбыўся ўрачысты прыём у гонар 85-годдзя з дня нараджэння народнага майстра Рэспублікі Беларусь Мар’яна Антонавіча Скрамблевіча, які ўжо больш за 30 год робіць музычныя інструменты: дудачкі, флейты, жалейкі, акарыны ў выглядзе птушак і рыб і іншыя.

У 2012 годзе творчасць майстра па вырабу музычных інструментаў Мар’яна Антонавіча Скрамблевіча як элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. За ўклад у развіццё народнай творчасці і традыцыйных рамёстваў Мар’ян Антонавіч носіць ганаровае званне ”Чалавек года Гродзеншчыны“. За шматгадовую працу па развіццю рамёстваў, творчы падыход і асабісты ўклад у захаванне і адраджэнне традыцыйнай народнай культуры яму прысвоена званне ”Ганаровы грамадзянін Гродзенскага раёна“. З’яўляецца членам Саюза майстроў Рэспублікі Беларусь. У студзені 2021 года за значны асабісты ўклад у захаванне і адраджэнне традыцыйнай народнай культуры, развiццё беларускай народнай творчасці і рамёстваў Мар’ян Антонавіч Скрамблевіч атрымаў прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва і Грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на рэалізацыю праекта па зберажэнню традыцыйных спосабаў вырабу беларускіх народных інструментаў. У 2022 годзе ўзнагароджаны нагрудным знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”, у 2023 годзе – медалём Францыска Скарыны. У 2023 годзе элемент «Культура беларускай дуды на Гродзеншчыне» атрымаў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь, арэалам бытавання якой з’яўляецца і аг.Адэльск.

Паважаны Мар’ян Антонавіч! Шчыра віншуем Вас з юбілеем! Жадаем Вам моцнага здароўя, дабрабыту, невычэрпнай энэргіі, новых творчых задумак і апладысментаў ад прыхільнікаў Вашага таленту!