Каб развітацца з зімой і паскорыць надыход вясны, 16 сакавіка ў 14:00 вёска Жытомля запрашае на свята “Гуканне вясны”!
Вас чакаюць: адроджаны традыцыйны абрад, народныя забавы, гульні, карагоды, песні-вяснянкі. На працягу свята кожны жадаючы пасмакуе бліны і юшку, прыгатаваныя на калодзе, пачастуецца гарбатай на жытамлянскіх і капцёўскіх зёлках. Маленькіх гасцей будзе чакаць пляцоўка з гульнямі і забавамі, майстар-класамі і аквагрымам. Упершыню самы ганаровы хлопец вёскі Жытомля ўмацуе ўпрыгожаную елку на самае высокае дрэва, каб птушкі здалёк убачылі і прынеслі на крылах яркае сонейка і цяпло для роднай зямліцы. Завяршыцца свята сумесным спальваннем пудзіла Зімы. Чакаем усіх жадаючых у вёсцы Жытомля на свяце “Гуканне вясны”!