Свята пройдзе 16 сакавіка.
У суботу, 16 сакавіка, у весцы Жытомля Гродзенскага раёна пройдзе народнае музычнае свята «Гуканне вясны».
– Нашы продкі ў сакавіку заўсёды клікалі вясну, а яна ім у адказ адклікалася першым громам, цёплымі навальніцамі, пасля якіх у прыродзе ўсё хутка абуджалася да жыцця. Вось і ў Жытомлі будуць «зіму замыкаці, вясну загукаці»: увазе прысутных будзе прадэманстраваны абрад «Гуканне вясны», – расказала намеснік дырэктара абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Наталля Рамановіч.
Удзельнікі свята павяжуць на дрэўцы шматлікія стракатыя стужкі – маленькія сімвалы ярка квітнеючай будучай вясны. Таксама госці змогуць падкінуць на ручніках печаных «жавараначкаў», імітуючы вясенні прылёт птушак, або станцаваць у вясёлым карагодзе.
– На працягу свята кожны жадаючы зможа пасмакаваць бліны і юшку, пачаставацца гарбатай на жытамлянскіх і капцёўскіх зёлках. Маленькіх гасцей будзе чакаць пляцоўка з гульнямі, майстар-класамі і аквагрымам. Завяршыцца свята сумесным спальваннем пудзіла Зімы, – дадала Наталля Рамановіч.
Свята пройдзе 16 сакавіка а 14 гадзіне ў парку вескі Жытомля. Лепшыя фальклорныя гурты раёна збяруцца, каб выканаць старажытныя песні-вяснянкі.