АД ПАКАЛЕННЯ ДА ПАКАЛЕННЯ СЦЯЖЫНКАЙ СЦЕЛЕЦЦА РУШНІК | Отдел культуры Гродненского районного исполнительного комитета

22 Май 2023

АД ПАКАЛЕННЯ ДА ПАКАЛЕННЯ СЦЯЖЫНКАЙ СЦЕЛЕЦЦА РУШНІК

20.05.2023 ў вёсцы Зарачанка ЎПЕРШЫНЮ адбылося свята рушніка.

Распачалося свята шэсцем з рушнікамі і яркімі стужкамі. А далей, нібы кола з горкі, панеслася-пакацілася: і святочныя песні, што дарылі гледачам творчыя калектывы з Сапоцкіна, Зарачанкі, Азёр, і цікавы экскурс у гісторыю стварэння рушніка Гродзенскага раёна, і прэзентацыя рушніка в.Зарачанка, і абрады “Заручыны”, “Матулін рушнік”, “Выпяканне хлеба”. У этнаграфічнай майстэрні кожны змог не толькі ўбачыць, але і прымераць народны касцюм, навучыцца завязваць хустку і паясы рознымі спосабамі.

Свята, безумоўна, запомніцца і пакіне цёплы след у душы кожнага ўдзельніка. А як жа іначай: так бывае заўсёды, калі дакранаешся сэрцам да свайго роднага, беларускага, што пакінулі нам у спадчыну нашы продкі, што ніколі не знікне, не згасне ў глыбіні стагоддзяў.