Арыгінальныя вырабы майстроў стануць своеасаблівай візітоўкай Гродзенскага раёна | Отдел культуры Гродненского районного исполнительного комитета

16 Мар 2020

Арыгінальныя вырабы майстроў стануць своеасаблівай візітоўкай Гродзенскага раёна

Майстры народных мастацкіх рамёстваў аддзела этнаграфіі, фальклора і рамёстваў Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Валянціна Краўчук, Ірына Шавельская, Таццяна Нікіцік, Ларыса Касіцкая, Таццяна Урублеўская прымуць удзел у абласной выстаўцы-конкурсе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Велікодны падарунак”, якая пачне дзейнічаць з 20 сакавіка ў выставачнай зале Гроддзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці.
Галоўнай мэтай выставы-конкурсу з’яўляецца адраджэнне, захаванне і развіццё традыцыйных відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў рэгіёнах Гродзенскай вобласці, далучэнне шырокай грамадскасці да традыцыйнай культуры рэгіёну, папулярызацыя элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны Гродзеншчыны.
Аддзел этнаграфіі, фальклора і рамёстваў Гродзенскага раёна – гэта цэлая творчая планета, дзе ўдала спалучаюцца мінулае і сучаснасць, дзе захоўваюцца і папулярызуюцца традыцыі продкаў, а традыцыі, як вядома, жывуць, пакуль жыве майстар.
У намінацыі «Лепшая калекцыя велікодных яек» калекцыю распісаных яек, у тым ліку і стравусіных, у тэхніцы традыцыйнай сапоцкінскай пісанкі пад назвай “Вясновы цуд” прадставіла Ларыса Касіцкая.
У намінацыі «Лепшая калекцыя пасхальных паштовак» паштоўкі ў тэхніцы выцінанкі “ Святочныя віншаванні” вырабіла Таццяна Нікіцік.
Саламяныя кошыкі Валянціны Краўчук будуць прадстаўлены ў намінацыі «Лепшыя пасхальныя кошыкі”.
У тэхніцы ручной лепкі з гліны Таццянай Урублеўскай было зроблена пано «Вялікдзень» ў намінацыі «Лепшае дэкаратыўнае пано».
“Няхай вярба вас зберагае” — такую назву дала Ірына Шавельская сваёй калекцыі пасхальных вербаў, якая выраблена ў тэхніцы саломапляцення і ўпрыгожана прыроднымі матэрыяламі, і будзе прадстаўлена ў намінацыі «Лепшая калекцыя пасхальных вербаў».