Гукаць вясну будуць у Жытомлі 29 лютага | Отдел культуры Гродненского районного исполнительного комитета

11 Фев 2020

Гукаць вясну будуць у Жытомлі 29 лютага

У апошні дзень зімы а 14 гадзіне ў парку старажытнай вескі народны тэатр народнай песні «Матуліна песня» Жытамлянскага дома фальклору, народны фальклорны гурт «Жывіца» Квасоўскага цэнтра культуры і развіцця народнай творчасці і ўсе госці свята будуць набліжаць надыход цяпла і сонца традыцыйнымі песнямі-вяснянкамі.

Як адзначыла вядучы метадыст па рабоце ў вобласці традыцыйнай мастацкай культуры, нематэрыяльнай культурнай спадчыны і фальклору Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтру Наталля Рамановіч, іх асаблівасць у тым, што кожны куплет заканчваецца падоўжаным «гу-у-у-у-у».

Удзельнікі і гледачы павяжуць на дрэўцы стракатыя стужкі – сімвалы квітнеючай вясны, будуць падкідваць на ручніках печаных «жавароначкаў», імітуючы іх прылёт, кідаць каменьчыкі ў вышыню, каб спраўдзіліся чаканні, прымуць удзел у народных гульнях і вясёлых карагодах. Таксама яны змогуць зрабіць вясновыя паштоўкі, птушак з цеста, саломы і паперы, рознакаляровыя шпакоўні, каб потым развесіць іх у парку і чакаць навасёлаў.