Код памяці | Отдел культуры Гродненского районного исполнительного комитета

23 Сен 2020

Код памяці

Пад новай назвай «Код памяці» ў Зарачанскім   доме народнай творчасці  25 верасня 2020 года пасля абнаўлення адкрыецца музей, дзе аб’яднаны экспазіцыя ручнікоў, ваеннай формы, а таксама новыя: экспазіцыя традыцыйных беларускіх дываноў, «Нараджэнне хлеба» і музейны пакой, прасвечаны быту партызан у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Адна з новых музейных экспазіцый, якая будзе прысвечана хлебу, стане цэнтральным  кампанентам новага турыстычнага маршрута «Нараджэнне хлеба», які аб’яднае аг.Адэльск і в.Зарачанка і раскажа аб тым, як зерне  прарабляе свой нялегкі шлях да каравая ці буханкі хлеба, а таксама ў рамках інтэрактыўных  праграм прадэманструе, як хлебнае зерне перараджаецца ў гарачы свежы каравай з хрусцячай скарынкай.

Распачнецца мерапрыемства а 14 гадзіне.  На імправізаваным жніўным полі  турысты пападуць  у пазапрошлыя стагоддзі, калі для таго каб пасеяць зерне і пакаштаваць спечаны бохан хлеба, недастаткова было пусціць па полю сеялкі. Пад час інтэрактыўнай праграмы «Старыя рэчы з гісторыяй» з удзелам народнага  фальклорнага гурта «Жывіца» Квасоўскага цэнтра культуры і развіцця народнай творчасці наведвальнікі  вывучаць  усе этапы  вырошчвання хлеба і паўдзельнічаюць у шматлікіх абрадавых дзеяннях.

Новыя экспазіцыі музея расскажуць пра «гродзенскія» дываны, якія сёння  «не в моде», але якія сваё «другое» жыццё набылі ў музеі,  пра ручнікі, посцілкі, настольнікі, якія прыцягваюць да сябе мілай прастатой, сціпласцю і ў той жа час адмысловасцю густу ткачыхі.

А  старыя фотаздымкі  з неверагоднымі і задуменнымі тварамі  нашых бабуль і дзядуль, якія былі знойдзены ў фальклорных экспедыцыях, раскажуць яшчэ шмат цікавых гісторый.

Сапраўдныя майстры – нашы продкі!  Цікава, а зможам мы працягнуць іх працоўныя традыцыі?

Наталля Рамановіч, вядучы метадыст па рэалізацыі культурна-дзелавых праектаў і развіццю турызма Гродзенскага раённага  культурна-інфармацыйнага цэнтра