19 снежня ў Індурскім цэнтры культуры адбудзецца свята лялькі “Лялька ў карагодзе жыцця”.
У гэты дзень усе жадаючыя змогуць бясплатна наведаць музей лялькі «Лялька Ў карагодзе жыцця», у экспазіцыі якога каля 200 аўтарскіх, абрадавых, сучасных лялек.
Да свята майстры аддзела этнаграфіі, фальклору і рамёстваў вырабяць 3D макет «Старажытная Індура», які разам з аўтарскай лялькай Индай дапоўніць экспазіцыю музея.
Шпацыруючы па «лялечнай вуліцы», можна будзе наведаць выставу елак і ўпрыгожванняў, якую прэзентуюць майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва раёна. Госці таксама змогуць паўдзельнічаць у майстар-класах, купіць сувеніры і падарункі да Новага году і Калядаў.
У музей лялькі прыедуць галоўны чараўнік зімы Дзед Мароз разам з унучкай Снягуркай і лялькі-волаты, якія з нецярпеннем чакаюць сустрэчы з самымі маленькімі гасцямі свята.
У цэнтры культуры будзе працаваць відэа-гасцёўня, дзе пакажуць прадстаўленне «Вяртанне ў дзяцінства» і гульнявую праграму-прэзентацыю «Дзень нараджэння ў музеі Лялькі».
