Народны ансамбль песні і танца “Ніва” пацвердзіў сваё ганаровае званне | Отдел культуры Гродненского районного исполнительного комитета

02 Дек 2020

Народны ансамбль песні і танца “Ніва” пацвердзіў сваё ганаровае званне

Старэйшы калектыў мастацкай творчасці Гродзенскага раёна і вобласці – Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны ансамбль песні і танца “Ніва” пацвердзіў сваё ганаровае званне.

Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны ансамбль песні і танца “Ніва” прайшоў доўгі творчы шлях. Яго гісторыя – гэта сотні канцэртаў і фестываляў. Калектыў застаецца крыніцай радасці, натхнення, энергіі і творчасці. Выканальніцкае майстэрства і высокая сцэнічная культура, няспынны творчы пошук, шматлікія выступленні, беражлівыя адносіны да беларускага музычнага, песеннага і харэаграфічнага мастацтва з’яўляюцца характэрнымі асаблівасцямі калектыву.

Заснавальнікам і першым кіраўніком быў заслужаны работнік культуры БССР Вячаслаў Іванавіч Пакумейка. Падчас яго працы «За выканальніцкае майстэрства і дасягнутыя творчыя поспехі, актыўную канцэртную дзейнасць» у 1976 годзе ансамблю было прысвоена найменне “народны”, а ў жніўні 2015 года – за ўклад у развіццё нацыянальнай культуры – званне “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”.

З 2004 года кіраўніком ансамбля з’яўляецца Ларыса Уладзіміраўна Прасвірніна. Менавіта пад яе кіраўніцтвам адбылося адраджэнне калектыву: зроблены набор новых удзельнікаў, запрошаны на працу кваліфікаваныя, ініцыятыўныя спецыялісты

Песенная мова ансамбля напоўнена фальклорнымі інтанацыямі. У песнях, танцах, вакальна-харэаграфічных кампазіцыях перадаюцца традыцыі, абрады Прынёманскага краю, раскрываецца сутнасць нацыянальнага характару, яго самабытнасць. Усё гэта – вынік вялікай карпатлівай работы па зборы этнаграфічнага матэрыялу.

Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны ансамбль песні і танца “Ніва” з’яўляецца пастаянным удзельнікам фестываляў і конкурсаў. Калектыў неаднаразова прадстаўляў аматарскае мастацтва Рэспублікі Беларусь як у нашай краіне, так і за мяжой.