ПЕСНЯ АБ'ЯДНАЛА ЎДЗЕЛЬНІКАЎ І ГАСЦЕЙ ФЕСТЫВАЛЮ "АРТЫСТЫЧНЫЯ СУСТРЭЧЫ "БЕЛАСТОК – ГРОДНА" | Отдел культуры Гродненского районного исполнительного комитета

10 Сен 2019

ПЕСНЯ АБ’ЯДНАЛА ЎДЗЕЛЬНІКАЎ І ГАСЦЕЙ ФЕСТЫВАЛЮ “АРТЫСТЫЧНЫЯ СУСТРЭЧЫ “БЕЛАСТОК – ГРОДНА”

Шматгадовае партнёрства паміж Гродна і Беластокам вылілася ў маштабны фестываль “Артыстычныя сустрэчы “Беласток – Гродна”. Па традыцыі яркае свята міжнацыянальнай дружбы гарады-пабрацімы прымаюць на сваёй тэрыторыі па чарзе. Сёлета фестываль праходзіў у Беластоку8 верасня жыхары і госці польскага горада мелі магчымасць прысутнічаць пры ўнікальнай з’яве – самыя яркія таленты Падляскага ваяводства спявалі на беларускай мове, а каларытныя, самабытныя артысты нашай вобласці ў сваёй творчасці прадстаўлялі нацыянальную польскую культуру.

Падчас адкрыцця свята з прывітальнымі словамі да гледачоў звярнуліся намеснік старшыні галоўнага праўлення Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы Васіль Сегень і начальнік аддзела культурна-асветнай работы, мастацтваў і навучальных устаноў упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Вольга Багдановіч.

У прыгожым парку, які патанае ў кветках і зеляніне, побач з фантанам, панавала неверагодная атмасфера добрасуседства і ўзаемаразумення. Шматлікія гледачы гарачымі апладысментамі віталі ўсіх без выключэння артыстаў. Святочны дзень быў напоўнены творчай радасцю, феерверкам фарбаў, гучаннем чаруючых галасоў, паэзіяй і музыкай душы адораных аўтараў і выканаўцаў! Дарэчы, свята сабрала нават тых гасцей, якія даўно жывуць па-за межамі Польшчы, але захоўваюць у сэрцы найлепшыя ўспаміны аб фестывалі і стараюцца ніколі яго не прапускаць.

На фестывалі Гродзеншыну прадстаўлялі: народны ансамбль “Гарадніца” з Гродна, народны ансамбль “Стокроткі” з Бераставіччыны, народны ансамбль “Гудскі гармонік” з Лідчыны, народны тэатр “Матуліна песня” з аг. Жытомля Гродзенскага раёна, народны ансамбль “Зарачанскія крынічкі” з в. Зарачанка Гродзенскага раёна, салісткі народнай эстраднай студыі «Миллениум» з Гродна. Упершыню на свята прыехаў духавы аркестр «Porech’e ViP band» з аг. Парэчча Гродзенскага раёна, які пакарыў прысутных віртуозным выступленнем. Асаблівае замілаванне ў гледачоў выклікалі маленькія ўдзельнікі ўзорнага ансамбля танца “Радунскія салавейкі” з аг. Радунь Воранаўскага раёна.

Нумары проста зрывалі авацыі, прыхільнікі беларускай і польскай культуры спявалі разам з артыстамі і  танцавалі пад знаёмыя мелодыі. Фестываль сапраўды аб’яднаў людзей: палякаў і беларусаў, артыстаў і гледачоў, дарослых і дзяцей. Традыцыйна яркім фінальным акордам свята стала песня «Люблю наш край» у выкананні зводнага хору з беларускіх і польскіх выканаўцаў.