Сімволіка страваў велікоднага кошыка | Отдел культуры Гродненского районного исполнительного комитета

13 Апр 2020

Сімволіка страваў велікоднага кошыка

У Вялікую суботу вернікі прыбіраюцца ў святочную вопратку, бяруць з сабой падрыхтаваную для благаслаўлення «пасху» і ідуць у касцёл, дзе благаслаўляюцца стравы на велікодны стол.

Велікодны кошык

У кошык кладуць яйкі, хлеб, вяндліну, хрэн, перац, соль, сыр, велікодную здобу, пасхальнае ягня. Кожны з Божых дароў, як адзначае газета Гродзенскай дыяцэзіі «Слова Жыцця», мае ўласны характэрны сімвал, які нагадвае пра мукі і ўваскрасенне Хрыста.

Яйкі

Сімвал плоднасці, адраджэння жыцця, знак перамогі Езуса над смерцю. Яйкі распісваюць ці фарбуюць у розныя колеры. Найбольш распаўсюджаны варыянт шкарлупіны – карычнева-залацісты, калі папярэдне яйка «купаюць» у лісцях цыбулі.

Хлеб

Сімвал паўсядзённых патрэб чалавека: сытасці, годнага жыцця. Вернікі нястомна просяць ў малітве Нябеснага Айца аб хлебе штодзённым. А паколькі маюць яго з Божай шчодрасці, то прыносяць для благаслаўлення ў святыню. Таксама гэта робіцца на ўспамін аб тым Хлебе, які сышоў з неба, – Хрысце.

У кошык можна пакласці любы від хлеба: чорны, белы. Некаторыя вернікі спецыяльна да Вялікадня выпякаюць хлеб па асаблівым рэцэпце – пасхальным.

Мяса і вяндліна

Сімвал дабрабыту, дастатку: не толькі матэрыяльнага, але і духоўнага.

У кошык можна пакласці разнастайныя віды вяндліны ці каўбасу, кавалак сала ці ялавічыны.

Чорны перац

Сімвалізуе горкія зёлкі, якія юдэі дадавалі да пікантнага соусу харасэт рыжага колеру. У яго абмаквалі кавалкі здобнага пасхальнага ягняці на ўспамін аб цяжкай нявольніцкай працы пры вырабе цэглы ў Егіпце.

Хрэн

Нагадвае аб пераадоленні Хрыстовай мукі горычы. Таксама сімвалізуе фізічную сілу і жыццяздольнасць. Хрэн можна пакласці цёрты і змяшаны з яйкам і смятанай.

Соль

Дадае стравам смак, захоўвае прадукты ад псавання, а таксама сімвалізуе захаванне чалавека ад духоўнай сапсаванасці, навяртанне і ачышчэнне.

Для хрысціян соль з’яўляецца знакам сутнасці жыцця і праўды. Адсюль гаворка пра «соль зямлі» – так Езус называў сваіх вучняў, выбраных.

Сыр

Увасабляе страву, якая не можа быць выраблена выключна рукамі чалавека. Малако – сыравіна, якая з’яўляецца дарам прыроды. І як маці корміць сваё дзіця, гэтак жа малако з’яўляецца сімвалам ахвярнасці Бога.

Найлепш, калі сыр выраблены з малака авечкі, казы або каровы.

Велікодная здоба

Сімвал умеласці і дасканаласці, да якіх павінен імкнуцца кожны чалавек як у паўсядзённым жыцці, так і ў духоўным. Здоба – найлепш хатняй выпечкі. Традыцыйны кулінарны выраб – дражджавая бабка.

Пасхальнае ягня

Нявіннасць ягняці, яго сляпая паслухмянасць нагадваюць Хрыста, які, будучы нявінным, аддаў сваё жыццё, бо быў паслухмяны Айцу. Езус адкупіў людзей, і цяпер яны пакліканыя да вечнага святкавання вячэры Баранка. Для чалавека гэта выразны прыклад пакоры і лагоднасці.

Сёння часцей за ўсё можна сустрэць баранкаў, спечаных з цеста або вырабленых з цукровай масы. У кошык таксама можна пакласці гіпсавую, фарфоравую, шкляную, гліняную ці пластыкавую фігуру.