“Танцуем сваё! Танцуем з салодай!” – пад такой назвай з субботы 19 чэрвеня ў Гродзенскім раёне прадаўжаецца праект работнікаў культуры. І мы з задавальненнем у гэтым годзе далучаемся да абласнога праекта “ЭтнаБУМ”.
Народны фальклорны гурт “Жывіца” з аг.Квасоўка на пляцоўцы каля Скідзельскага гарадскога дома культуры а 19.00 гадзіне паспрабуе стварыць асяроддзе, блізкае да традыцыйнай вечарынкі, калі людзі вучацца адзін ад аднаго, калі няма падзелу на настаўнікаў і вучняў, дзе кожны жадаючы можа пайсці ў скокі.
Як расказваюць старэйшыя людзі, ніхто нікога танчыць не вучыў, і увогуле старэйшыя не пускалі на вечарыны малодшых, бо на вёсцы было строга рэгламентавана: каму 20 год — той асобна, каму 16 — асобна. Таму стаялі пад вокнамі, слухалі музыку і самі сабе танцавалі. Раней сцэны не было, звычайная вясковая хата ці падворак ля яе (улетку ці падчас вяселля). Але, усё было па-сапраднаму, так сказаць, без прымусу.
Удзельнікам пакажуць і навучаць танцам, якія танцавалі на вечарынках нашыя продкі, і нават пазнаёмяць з асаблівасцямі і манерай іх выканання, бо арганізатары ўпэўнены: ніякія сучасныя фітнесы і трэнінгі не дадуць большага эфекту ў аздараўленні арганізму, чым танцы, асабліва калі яны свае, родныя — народныя.
Затанчым улюбёныя беларускія (і не толькі!) танцы: “Кракавяк”, «Падыспан», “Карапет” («Лысы»), «Ойра», «Лявоніха”, вальсы, полечкі і многае іншае!
У марах, праводзіць такія вечарыны пад жывую музыку, каб і музыка на танцах — вясковая была: можаш з бубна пачаць, ці на скрыпцы і баяне, а яшчэ — цымбалы, акардэон і бубен падключыць.
Плануецца, што гэтая школа рэгіянальных танцаў з майстар-класамі аб’едзе нашыя аграгарадкі і вёскі і навучыць усіх ахвотных, незалежна ад узросту і харэаграфічнай падрыхтоўкі!
Танцуем сваё! Танцуем з асалодай! Будзе горача!