18 красавіка гарадскі пасёлак Сапоцкін стаў месцам велікодных традыцый. На працягу свята госці з азартам мераліся сіламі ў традыцыйным турніры па біцці яек, удзельнічалі ў майстар-класах па роспісе яек, частаваліся дранікамі, прыгатаванымі на калодзе. Для аматараў салодкага правялі конкурс велікоднага печыва, а дэгуставалі яго пад духмяную зёлкавую гарбату.
Дзеці таксама не сумавалі: іх чакалі вясёлыя велікодныя гульні, займальныя квэсты і катаннне на конным дворыку. Для дзяцей з дзіцячага сацыяльнага прытулку ў Лойках была арганізавана дабрачынная акцыя і кожны з іх атрымаў падарунак.
Канцэртную праграму задавалі лепшыя творчыя калектывы Гродзенскага раёна. Асаблівым госцем вечара стаў народны ансамбль беларускай музыкі і песні «Гасцінец» з горада Гродна. Завяршылася мерапрыемства гучнай і яркай танцавальнай праграмай «Танчым па-сапоцкінску».







