Велічная фігура выбітнага дзяржаўнага дзеяча сёння ўзвышаецца ў скверы ў цэнтры Слоніма: Леў Сапега нібы крочыць па горадзе, якім валодаў больш за чатыры стагоддзі таму. Менавіта гэты перыяд сёння нярэдка называюць “залатым векам Слоніма”. У руках – булава і разгорнуты світак з фрагментам тэксту прывілея Жыгімонта ІІІ, якім ён даў Сапегу права на выданне зводу законаў ВКЛ.
Варта сказаць, што адкрыццё помнікаў вядомым асобам, звязаным адначасова і са станаўленнем беларускай пісьменнасці, літаратуры, і з горадам – сталіцай Дня беларускага пісьменства, – адна з добрых традыцый свята. Так на Гродзеншчыне ў свой час былі ўсталяваны помнікі Елісею Лаўрышаўскаму ў Навагрудку, Францішку Багушэвічу ў Смаргоні. Для Слоніма такой знакавай постаццю, бясспрэчна, з’яўляецца Леў Сапега.
У адкрыцці помніка прымалі ўдзел намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка, міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч, старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў, старшыня Слонімскага райвыканкама Генадзь Хоміч.
– Легендарныя постаці вяртаюцца ў сучасную Беларусь – помнікамі, кнігамі, артэфактамі, – адзначыў важнасць падзеі Аляксандр Карлюкевіч. – Гэтыя сімвалы не нарадзіліся б без творчай думкі, натхнення нашых мастакоў, пісьменнікаў, творцаў.
– Дзякуй усім жыхарам, мастакам, скульптарам, якія прымалі ўдзел у гэтым праекце. Гэта значная падзея, якая нагадвае пра сувязь мінуўшчыны і сучаснасці. Помнік Льву Сапеге – не проста выдатнае ўпрыгожванне горада. Гэта і нагода задумацца, а што асабіста ты пакінеш у спадчыну пасля сябе, – упэўнены Генадзь Хоміч.З адкрыццём помніка Льву Сапеге звязаны яшчэ адзін цікавы факт: па сутнасці, скульптура аб’яднала адразу дзве вядомыя асобы, імёны якіх звязаны са Слонімам. Акрамя Льва Сапегі, гэта скульптар Іван Міско – народны мастак Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва, ураджэнец Слонімшчыны. Ён разам з калегамі па творчым цэху Уладзімірам Піпіным і Сяргеем Логвіным з’яўляецца аўтарам помніка. Для Івана Міско падзея асабліва значная ў творчай біяграфіі: гэта яго першая праца на роднай Гродзеншчыне.– Доўга і цярпліва мы чакалі гэтай падзеі і нарэшце з глыбінь вякоў, адзеты ў бронзу, ён, Леў Сапега, прыйшоў,– усхвалявана кажа Іван Міско, ганаровы грамадзянін Слоніма. А яго словы-спадзяванні, што хутка плошча, дзе ўсталяваны помнік, будзе насіць імя выбітнага дзяржаўнага дзеяча, прысутныя сустрэлі моцнымі апладысментамі.