Семінар па ткацтву | Отдел культуры Гродненского районного исполнительного комитета

25 Июн 2026

Семінар па ткацтву

Тэарытычная частка на семінары насіла грунтоўны, змястоўны характар — яна ткалася з прафесійнага вопыту, глыбокіх ведаў і шчырай адданасці справе.

Выступоўцы закранулі шэраг ключавых тэм, прысвечаных захаванню і развіццю традыцыйнага ткацтва рэгіёна.

Алена Шчэліна, загадчык аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры, прадставіла ўдзельнікам прэзентацыю «Тэкстыльны скарб Лідчыны», дэманструючы, якім чынам старажытныя ўзоры набываюць новае гучанне ў сучаснай культурнай прасторы.

Наталля Бібіла пазнаёміла прысутных з унікальным вопытам захавання тэхналогіі падвойнага ткацтва на базе Гудзевіцкага музея, а Яніна Іюльская, народны майстар з Ваўкавышчыны, на прыкладзе простага двухнітовага ткацтва прадэманстравала жывую пераемнасць пакаленняў і неўміручасць традыцыйных тэхнік.

Асобная ўвага была нададзена рэгіянальнаму вопыту. 

Анжэла Ладыш прадставіла традыцыйнае ўзорнае ткацтва на кроснах у аграгарадку Пагародна.

Яўгенія Станіна агучыла вынікі даследчай працы па тэкстыльным скарбе Гродзенскага раёна.

Асаблівым акцэнтам праграмы стала экалагічнае ткацтва, прадстаўленае Аленай Кандратавай, як эфектыўны сродак сацыякультурнай рэабілітацыі людзей з асаблівасцямі развіцця.

💎

Важным этапам семінара стала работа ўдзельнікаў у творчых майстэрнях, арганізаваных з улікам прафесійных інтарэсаў і ўзроўню падрыхтоўкі майстроў і навучэнцаў.  Кожны меў магчымасць абраць напрамак па жаданні, пасля чаго быў арганізаваны абмен удзельнікамі для ўзаемабагачэння вопытам.

Творчая майстэрня была прысвечана асваенню тэхнікі двухнітовага ткацтва «на дзве дошкі» пад кіраўніцтвам Валянціны Сільвановіч, народнага майстра па ткацтву Лідчыны

Творчая майстэрня была арганізавана па прадзенню. 
Марына Лотыш, майстар аддзела традыцыйнага мастацтва і рамёстваў з Дзятлаўскага раёна, пазнаёміла ўдзельнікаў з традыцыйнымі прыёмамі падрыхтоўкі пражы, звярнуўшы асаблівую ўвагу на захаванне аўтэнтычных тэхналогій.

Творчая майстэрня была накіравана на вывучэнне ткацтва рэгіянальных паясоў Гродзеншчыны «на ніце».
Правядзенне майстар-класаў забяспечылі вопытныя спецыялісты раёнаў:
Вольга Авакумава (Гродзенскага),
Ніна Кенько (Смаргонскага), 
Вольга Крако (Навагрудскага) і 
Вера Дзевятчанка (Слонімскага).

Творчая майстэрня была прысвечана падрыхтоўцы асновы і запраўцы ткацкага станка. 

Марыя Шылкоўская, народны майстар па ткацтву з Лідскага раёна, падрабязна праілюстравала этапы падрыхтоўкі станка да работы.