Cемінар “Святы і абрады летняга перыяду. Традыцыя і сучаснасць” | Отдел культуры Гродненского районного исполнительного комитета

07 Июл 2020

Cемінар “Святы і абрады летняга перыяду. Традыцыя і сучаснасць”

Раённы выязны семінар для кіраўнікоў фальклорных калектываў, спецыялістаў аддзела этнаграфіі, фальклору і рамёстваў Гродзенскага раёна “Святы і абрады летняга перыяду. Традыцыя і сучаснасць” прайшоў 5 ліпеня 2020 года на Аўгустоўскім канале падчас правядзення абрада Купалле.

Галоўная мэта семінара – захаванне і адраджэнне нацыянальнай культуры, традыцый, народных промыслаў, рамёстваў, касцюма, мовы, танца, песні. Вядучымі калектывамі ў раёне, якія займаюцца адраджэннем і захаваннем мясцовых традыцый, з’яўляюцца народны фальклорны гурт “Жывіца” Квасоўскага цэнтра культуры і развіцця народнай творчасці (рэжысёр Касянчук Людміла Вячаславаўна) і народнага тэатра народнай песні “Матуліна песня” Жытамлянскага дома фальклору (рэжысёр Адамовіч Тэрэза Антонаўна). Калектывы ладзілі традыцыйнае беларускае Купалле з песнямі, карагодамі, майстар-класам па пляценню вянкоў, варожбамі.

Пабачыўшы традыцыйны абрад на ўласныя вочы, удзельнікі семінара атрымалі і дадатковую «ежу» для аналізу, і карысны досвед. Без сумневу, у той або іншай ступені ён прымяняльны і ў іншых вёсках ды мястэчках, дзе захаваліся рэшткі аўтэнтычнай культуры, але часцей праходяць як звычайнае культурна-масавае мерыпрыемства, без абрадавай традыцыйнасці.
Для выкарыстання ў працы падчас фальклорных экспедыцый кіраўнікі фальклорных калектываў, загадчыкі цэнтраў культуры атрымалі “Апытальнік для збору матэрыялаў па сямейнай і каляндарнай абраднасці беларусаў” і “Апытальнік. Лакальныя традыцыі саломапляцення”.

Наталляй Рамановіч, вядучым метадыстам па рэалізацыі культурна-дзелавых праектаў і развіццю турызму, пад час дыскусіі быў закрануты і іншы далікатны аспект турыстызацыі – справядлівае размеркаванне атрыманых ад яе даходаў. Часцей за ўсё, турыстычныя фірмы не хочуць дзяліцца з намі даходамі ад рэалізацыі турыстычных паслуг і, на жаль, вязуць экскурсійныя групы, міма устаноў культуры або сцэнічных пляцовак, дзе можна ўбачыць рэканструкцыю таго ці іншага абрада, падзеі.

Безумоўна, калі асноўная іх частка будзе «праплываць» міма саміх носьбітаў спадчыны, асядаючы ў кішэні прадстаўнікоў туріндустрыі, гэта ніяк не паспрыяе захаванню народных традыцый. Людзі рана ці позна адчуюць, што іх проста «выкарыстоўваюць».

Акрамя таго, усе абрады і традыцыі, помнікі патрабуюць больш актыўнай папулярызацыі як сярод беларускага насельніцтва, так і сярод патэнцыяльных замежных турыстаў. З гэтай мэтай неабходна звярнуць увагу на размяшчэнне якаснай гістарычнай інфармацыі і фотаздымкаў у інтэрнэт-рэсурсах турыстычнага накірунку, прыцягваць да сумеснай працы фатографаў і папулярных у турыстычнай асяроддзі блогераў.
Дарэчы, у хуткім часе на прасторах інтэрнэта мы пабачым прэзентацыйны відэаролік пра абрад Купалле з удзелам нашых калектываў, які здымаўся падчас мерапрыемства на Аўгустоўскім канале.

Рамановіч Наталля – вядучы метадыст па рабоце ў вобласці традыцыйнай мастацкай культуры, нематэрыяльнай культурнай спадчыны і фальклору