У пачатку снежня адбылася значная падзея – уключэнне элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны “Выцінанка — традыцыйнае мастацтва выразання з паперы ў Беларусі” ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва ЮНЕСКА. Гэтае народнае рамяство было шырока распаўсюджана ў Беларусі і да гэтага часу з’яўляецца важнай часткай культурнай спадчыны краіны.
У сувязі з гэтай падзеяй сёння, 11 снежня, для работнікаў Гродзенскага інстытута азотнай прамысловасці метадыст па народных мастацкіх рамёствах, традыцыях, абрадах, фальклоры дзяржаўнай установы культуры “Гродзенскі раённы культурна-інфармацыйны цэнтр” Аляксандра Захарава правяла майстар-клас па стварэнні паштоўкі ў тэхніцы выцінанкі “Калядная Каза”.





