Чытачы кнігі Анатоля Бутэвіча «Прыгоды Віруса Шкодзі» трапяць у каралеўства Сусветнае Сеціва, дзе сустрэнуцца з галоўным камп’ютаршчыкам Кампам Кампавічам, разумным і разважлівым каралём Віндаўсам Вялікім і яго дачкой Віндусачкай. А найбольш пацешаць хлопчыкаў і дзяўчынак незвычайныя прыгоды і адмысловыя штукарствы галоўнага шкодніка казачнага каралеўства Віруса Шкодзі.
Сваю інтэрнэт-сетку «Катавічок», дзе ўсе коткі дома могуць абменьвацца фатаздымкамі, відеаролікамі, паштоўкамі, стварылі Муся, Тодар і іх сябры – персанажы казак «Камп’ютарныя коткі» ад Маргарыты Прохар. Разам з хвастатымі персанажамі дапытлівыя школьнікі будуць пасцігаць навакольны свет, пранікнуцца павагай да роднага слова, прыроды, працы, навучацца не губляцца ў розных жыццёвых сітуацыях.
Добра запомніць алфавіт і паслядоўнасць літараў у ім малым, якія рыхтуюцца ў школу, дапаможа галоўны герой вершаваных казак Васіля Віткі «Азбука Васі Вясёлкіна».
У займальную і пазнавальную вандроўку па роднай краіне запрашае дзяцей кніга пісьменніка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Уладзіміра Ліпскага «Я тут жыву». Гэта сапраўдная маленькая энцыклапедыя, з якой яны даведаюцца аб гісторыі і сучасным развіцці Беларусі, легендах аб назвах гарадоў, нашых знакамітасцях і архітэктурных каштоўнасцях, славутых земляках. Акрамя казак, на старонках кнігі можна знайсці шмат яркіх малюнкаў, рэбусаў, красвордаў, загадак, гульняў, геаграфічныя карты ўсіх шасці абласцей і сталіцы Сінявокай.
Серыя «Дванаццаць месяцаў» складаецца з тузіна багата ілюстраваных выданняў, у якія ўвайшлі знакамітыя казкі народаў свету, лепшыя творы беларускіх і замежных дзіцячых пісьменнікаў. Незвычайных гісторый хопіць для чытання на цэлы год.
Магчымасць дакрануцца да мудрасці народа Паднябеснай на роднай мове дае зборнік «Жоўты бусел». Пад яго вокладкай сабраны 13 кітайскіх народных казак у перакладзе пісьменніка Міхася Пазнякова.
Пачэснае месца на палічцах бібліятэк займае «Лебядзіны скіт» Уладзіміра Караткевіч. Дзяцей асабліва зацікавяць творы «Жабкі і Чарапаха», «Верабей, сава і птушыны суд», «Вясна ўвосень», «Надзвычайная котка». Падлеткам адрасаваны шчымлівыя і патрыятычныя «Лебядзіны скіт», «Скрыпка дрыгвы й верасовых пустэчаў», «Кацёл з каменьчыкамі», лірычная «Вужыная каралева». І нават той, хто знаёмы з творчасцю класіка беларускай літаратуры, адкрые для себя новага Уладзіміра Караткевіча – геніяльнага пісьменніка-казачніка.