Такія каўбасы зазвычай рыхтавалі, калі на весках калолі свінню.
У час, калі ў гаспадынь не было лядоўні, сушаныя каўбасы былі адным з выдатных і надзейных спосабаў захаваць мяса надоўга.
У прыгатаванні каўбас усё рабілася ўручную. Вось і называюць іх “пальцам пханыя”.
Для каўбас бралі тонкія свіныя кішкі, чысцілі, вымочвалі. Галоўнае – рабіць усё акуратна, каб не парваць. Запасных, зразумела, не было.
Сёння такія каўбасы можна зрабіць у любы час. А кішкію ужо падрыхтаваныя для выкарыстання, набыць у магазіне.

Кожная гаспадыня мела свой рэцэпт каўбасы і рабіла ўсё па ўласных прапорцыях. Сёння мы прапануем адэльскі рэцэпт. Канешне, і вы можаце скарэкціраваць у ім прапорцыі на свой густ.
Нам спатрэбяцца: 3 кг мяса ялавічаны, 2 кг мяса свінога, 1,5 кг сала, лаўровы ліст, кмен, часнык, соль.
Мяса і сала бяруцца свежыя. Парэзаць мяса і сала на невялікія кавалкі. Прыправу лепш змалоць. У нашых бабуль для гэтага была ступка з венчыкам. Можна выкарыстоўваць і сучасныя прыправы. Але калі хочацца атрымаць той самы густ, што быў некалі ў свойскіх каўбас, лепш выбраць спецыі, якія нашы бабулі маглі лёгка набыць у краме, да прыкладу, лаўровы ліст і перац, ці вырасціць самастойна – кмен, кроп.

Дадаць да мяса соль, прыправу, дробна парэзаны часнык. Затым напоўніць фаршам прыгатаваныя кішкі. Для гэтага многія мелі спецыяльныя трубачкі дыяметрам, як свойская каўбаса. На іх нацягвалі кішку і праз другі бок напаўнялі яе фаршам. Зрабіць гэта трэба было так, каб не было пустых месцаў і ў той жа час не вельмі шчыльна. Пустыя хвосцікі завязвалі.
Прыгатаваныя так каўбасы вешалі на шасток каля печы на 2-3 дні. Пасля – на нейкі час на гару. Затым іх абмазвалі алеем і клалі ў скрыню. Так каўбасы маглі захоўвацца даволі працяглы час.

Сучасныя гаспадыні, у каго няма печы, сушаць каўбасы каля батарэі (але не варта вешаць на саму батарэю – там занадта горача) ці над плітой. Праз колькі дзён можна ласавацца.
Дарэчы, прыгатаваныя так каўбасы можна не толькі сушыць, але і адразу адварваць ці смажыць. Ці замарозіць, каб зрабіць гэта пазней. Але менавіта сушаныя яны асабліва смачныя. Абавязкова пакаштуйце.