Лялька ў карагодзе жыцця | Отдел культуры Гродненского районного исполнительного комитета

16 Ноя 2020

Лялька ў карагодзе жыцця

Сёння 16 лістапада – Дзень беларускай народнай лялькі, які на працягу 10 гадоў святкуюць у нашай краіне.

У 2019 годзе ў Індурскім цэнтры культуры быў адкрыты музей лялькі «Лялька ў карагодзе жыцця», які сёння налічвае звыш 300 экспанатаў.

Лялька – самая старажытная і найбольш папулярная цацка. Яна абавязковы спадарожнік дзіцячых гульняў. Лялька здаўна суправаджала чалавека на працягу ўсяго яго жыцця: сустракала нованароджанага ў калысцы, дапамагала ў цяжкія часы, прымала на сябе хваробы, засцерагала ад злых сіл. Лялькі, зробленыя з тканіны, травы, саломы або кветак, бабулі рабілі для ўнучкі, або маці для дзіцяці, або дзяўчынкі для малодшай сястрычкі або браціка, заўсёды былі знакам любові, абароны, добразычлівасці. Лялькі з тканіны з’яўляліся выключна засцярогамі. Яны былі вельмі простымі і бязлікімі. Такія лялькі маглі зрабіць не толькі дарослыя жанчыны, але і дзяўчынкі.

Выраб лялек – адзін з самых старажытных відаў дэкаратыўна-прыкладнай творчасці. Гісторыя ўзнікнення славіцца разнастайнасцю відаў лялек: гульнявыя, абрадавыя і абярэгавыя нашых прабабуль, сучасныя лялькі, лялькі-марыянеткі для лялечных тэатраў. Багаты выбар матэрыялаў, які выкарыстоўваецца для вырабу лялек: саломка, ніткі, тканіны, гліна і многае іншае. Майстар-клас па вырабе лялек з тканіны, які ў музеі праводзіць Ірына Рынкевіч, вельмі пазнавальны, і як аказалася — не складаны занятак. Выкананыя сваімі рукамі лялькі можна дарыць сваім сябрам, родным, знаёмым, упрыгожваць інтэр’ер дома, кабінет.

З сённяшняга дня распачынаем новы праект-знаёмства «Чароўны свет лялькі», дзе будзем расказваць пра багатую калекцыю лялек, сабраных у музеі.

Галоўным экспанатам у музеі з’яўляецца гістарычная лялька Інда.

Легенда пра паходжанне назвы мястэчка Індура звязана з паходамі на гэтыя землі крыжакоў. У каменданта замка была прыгажуня — дачка з цудоўным імем Інда. Яна жыла ў замку разам з вялікай сям’ёй. Менавіта гэтай дзяўчыне наканавана было першай убачыць масавы наступ крыжакоў на родны замак. Пасля чаго Інда стала біць ва ўсе званы, аднак крыжакі ўварваліся ў замак.

І тады ўсе сталі сведкамі цуду: з’явілася Маці Божая і атуліла беласнежным покрывам царкву, якая знаходзілася побач. Пасля гэтага храм сышоў пад зямлю разам з мужнай Індай. Крыжакі так спалохаліся, што не змаглі крануць гарадзішча і яго жыхароў. Менавіта ў гонар Інды і было названа мястэчка.

Лялька Інда – гэта калектыўная праца работнікаў Індурскага цэнтра культуры: Ірыны Рынкевіч, Ірыны Пасюк і Марыі Алешчык. Назва работы “Інда – выратавальніца свайго роду”. Галаўны ўбор — хустка з бронзавай тасьмай (абручом). Упрыгожванне — каралі. Твар пакрыты густым пластом румян і бяліл, а таксама выдзелены бровы і вейкі (у той час гэта было модна). Кашулі дзве — ніжняя і верхняя з вышытым арнаментам, прызбораная каля шыі і абшытая аблямоўкай (каймой). Паверх кашулі надзета спадніца з пярэстай тканіны «андарак» (“понева”), дзе сшытыя палотнішча абгортваюцца вакол сцёгнаў і падвязаны па таліі шнуром.) Паверх кашулі нешта тыпу «навершніка» (туніка з кароткімі рукавамі). Абутак — жаночыя пінеткі з анучамі (палатно, якім абгорнутыя ногі). На поясе аксэсуары- кінжал і скураная сумачка.