Мядова-яблычны Спас адсвяткавалі ў Абухава на мінулым тыдні | Отдел культуры Гродненского районного исполнительного комитета

23 Авг 2022

Мядова-яблычны Спас адсвяткавалі ў Абухава на мінулым тыдні

Цёплым суботнім вечарам на пляцоўцы цэнтра культуры аграгарадка было шматлюдна. Сюды пакаштаваць свежага мядку і садавіны і пагуляць прыйшлі жыхары і госці Абухава.

Асвяціў яблыкі новага ўраджаю і блаславіў свята настаяцель Храма ў гонар Прападобнага Серафіма Сароўскага пратаірэй Ігар Волкаў. Ўсе прысутныя маглі пачаставацца кавалачкамі румяных пладоў і загадаць запаветнае жаданне.

Па традыцыі ў гэты дзень ўшанавалі землякоў. У намінацыі «Духоўнасць» адзначылі пратаірэя Ігара Волкава і яго жонку Алену. Самым маладым жыхаром стаў Міхаіл Морра: 20 жніўня яму споўнілася два месяцы. А 95-гадовай Вользе Якусевіч пажадалі сустрэць стогадовы юбілей. Павіншавалі і Аляксандра і Кацярыну Макеевых, якія ажаніліся 19 жніўня. Шчырыя словы падзякі былі выказаны воінам-інтэрнацыяналістам Івану Шпаку і Віктару Якусевічу. Гаспадыней самага вялікага падворка прызналі Алену Белаец. У намінацыі «Лепшы падворак» ўзнагароджаны Анатоль Вашкевіч, Жанна Баротка, Ірэна Салянік, Святлана Краўцэвіч, Ідалія Апалькава, Марына Аутка, Святлана Бабко, Алена Аплевіч, Таццяна Кашэвіч. Не абмінулі ўвагай самых актыўных ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці з дзіцячай студыі сценічнага слова, дзіцячай эстраднай студыі «Фіеста», народнай эстраднай студыі «Ісціна», народнага тэатра і аматарскага аб’яднання «Залаты ўзрост» Абухаўскага ЦК. Падарункі ўручылі спонсарам – старшыні сельсавета Валерыю Смалею і старшыні СВК імя І.П.Сянько Валерыю Шумелю.

На Мядова-яблычным Спасе ставала розных забаў. Акрамя мёду, госці маглі набыць розныя прысмакі. Свае вырабы прэзентавалі майстры дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Маленькія наведвальнікі скакалі на батутах, каталіся на коніке, гуляліся ў мегашашкі, размалёўвалі твары аквагрымам і чыталі казкі на траве. І хлопчыкам, і дзяўчынкам было цікава прымерыць баявую вопратку ратавальнікаў. Карысталіся попытам фотазоны.

На працягу вечара працавала радыёкропка «Мядовы настрой»: агучваліся прывітанні і пажаданні, якія кожны жадаючы мог пакінуць у спецыяльнай скрынке і атрымаць латарэйку. Сярод уладальнікаў білетаў разыгралі прызы. Таксама выбралі пераможцаў конкурсаў на лепшае сэлфі і малюнак на асфальце.

Апладысментамі сустракалі і праводзілі са сцэны артыстаў Абухаўскага цэнтра культуры, вакальную студыю «Правінцыя» Скідзельскага цэнтра моладзі, народны вакальны ансамбль «Запаветны бераг» Азёрскага ЦК, гродзенскую поп-фольк-групу «Гулянка». Пасля канцэрту гледачоў запрасілі на фестываль фарбаў ад дуэта «Ліра» Луцкаўлянскага ЦК і дыскатэку. Апоўначы ў Абухава завіталі утаймавальнікі агню, каб здзівіць ўсіх фаер-шоу.