Старажытныя абрады, печаныя «жаваранкі» і народныя пачастункі. Жытомля запрашае на «Гуканне вясны» | Отдел культуры Гродненского районного исполнительного комитета

13 Мар 2024

Старажытныя абрады, печаныя «жаваранкі» і народныя пачастункі. Жытомля запрашае на «Гуканне вясны»

Свята пройдзе 16 сакавіка.

У суботу, 16 сакавіка, у весцы Жытомля Гродзенскага раёна пройдзе народнае музычнае свята «Гуканне вясны».

– Нашы продкі ў  сакавіку заўсёды клікалі вясну, а яна ім у адказ адклікалася  першым громам, цёплымі навальніцамі, пасля якіх у прыродзе ўсё хутка абуджалася да жыцця. Вось і ў Жытомлі  будуць «зіму замыкаці, вясну загукаці»: увазе прысутных будзе прадэманстраваны  абрад «Гуканне вясны»,  – расказала намеснік дырэктара абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Наталля Рамановіч.

Удзельнікі свята павяжуць на дрэўцы шматлікія стракатыя стужкі – маленькія сімвалы ярка квітнеючай будучай вясны. Таксама госці змогуць падкінуць на ручніках печаных «жавараначкаў», імітуючы  вясенні прылёт птушак, або станцаваць у вясёлым карагодзе.

– На працягу свята кожны жадаючы зможа пасмакаваць бліны і юшку, пачаставацца гарбатай на жытамлянскіх і капцёўскіх зёлках. Маленькіх гасцей будзе чакаць пляцоўка з гульнямі, майстар-класамі і аквагрымам. Завяршыцца свята сумесным спальваннем пудзіла Зімы, – дадала Наталля Рамановіч.

Свята пройдзе 16 сакавіка а 14 гадзіне ў парку вескі Жытомля. Лепшыя фальклорныя гурты раёна збяруцца, каб выканаць старажытныя  песні-вяснянкі.

гуканне вясны.jpg