Свята млынароў у Адэльску! | Отдел культуры Гродненского районного исполнительного комитета

13 Ноя 2023

Свята млынароў у Адэльску!

МЛЫНАРЫ ГРОДЗЕНШЧЫНЫ рыхтуюцца да свята ў Адэльску!

Спрадвек мястэчка Адэльск славілася ветракамі. Узвесці складанае збудаванне, якім з’яўляўся ветраны млын, мог не кожны гаспадар. Будавацца ён павінен быў толькі асабіста, без наёмных работнікаў і батракоў. Шмат працавалі, часам недаядалі, збіралі грошы, каб мець свой млын. Ветракі заўсёды будаваліся на ўзгорках, дзе добра дзьмуў вецер, у адзіночку, ці нават па некалькі. Яны былі бачны здалёк і з’яўляліся сваеасаблівым арыенцірам падарожніку. Размяшчаліся млыны як у самім Адэльску, так і ва ўрочышчах побач з ім, да іх з’язджаліся людзі за дзясяткі кіламетраў. Ключавой асобай, якая спалучае ўсе гэтыя аб’екты, быў селянін, работнік, млынар, які жыў і працаваў тут, не раз хадзіў па гэтых сцежках, выпрабаваў і шчасце, і няшчасце, а таму і сам стаў часткай нашага агульнага мінулага, нашай спадчыны.

У памяці мясцовых жыхароў захаваліся прозвішчы гаспадароў млыноў. Гэта Ян Звяржэвіч, Ігнат Будрэвіч, Браніслаў Шупіцкі, Ігнат Райскі, Дамінік Навацкі, два Скрамблевічы. Самым трывалым млыном аказаўся вятрак Альбіна Будрэвіча, які малоў муку яшчэ ў 70-ых гг., і быў разбураны ў 2002 годзе ад часу і ветру.

УПЕРШЫНЮ на свяце Млынароў, што пройдзе 18 лістапада ў аг.Адэльск Гродзенскага раёна, выбяруць лепшага Млынара Гродзеншчыны. Сюды з’едуцца млынары з амаль усіх раёнаў і будуць прэзентаваць сваю справу!

НА СВЯЦЕ МЛЫНАРОЎ вы зможаце і пагуляць на вяселлі!

А якая ж восень у вёсцы без вяселля? Як вядома, у нашых продкаў час для вяселля надыходзіў звычайна пасля Пакроваў, калі ўжо былі ўпарадкаваныя агароды, абавязкова “пад халады” калолі парася, і на вясельных сталах з’яўляліся пальцам пханая каўбаса, смажанае сала, ватрабянка і іншыя прысмакі.

На свяце Млынароў у аг.Адэльск 18 лістапада вы будзеце мець унікальную магчымасць не толькі цудоўна правесці час, але і дакрануцца да жывой спадчыны сваіх продкаў, адчуць яднанне з імі.

Вяселле ў народным стылі, ці, дакладней, адзін з яго этапаў “Прыезд маладога”, што аднавілі ў в.Жытомля Гродзенскага раёна, пакажа самы старэйшы фальклорны калектыў – народны тэатр народнай песні “Матуліна песня” пад кіраўніцтвам Тарэсы Адамовіч.

Сцежкамі млынароў…

Асобнай лакацыяй на свяце Млынароў у аг.Адэльск стане выстаўка-прэзентацыя “Падвойныя дываны”, прысвечаная 110 -годдзю з дня нараджэння Ядвігі Райскай (1913 – 2003), адной з вядомых на Беларусі ткачых, пачынальніцы і заснавальніцы ў нашым рэгіёне майстэрства ткацтва падвойных дываноў ((1913 – 2003). Ядвіга Аўгустаўна ўжо ў у юнацкім узросце стане выбітнай майстрыхай, чыімі ткацкімі вырабамі пазней будуць любавацца не толькі жыхары і госці многіх гарадоў Беларусі, але і за яе межамі.

Сакрэты прастога ткацтва перадала ёй маці, больш складанай тэхніцы навучылася пазней, калі ў 30-ыя гады ў Адэльск па запрашэнню мясцовага ксяндза прыехала майстрыха з Літвы.

Па самым агульных падліках за сваё доўгае жыццё майстрыха выткала не менш за 500 падвоўных дываноў, якія разышліся па вёсках Гродзенскага і суседніх раёнаў, а таксама Польшчы. За зіму і вясну яна магла стварыць да 10 дываноў.

Ядвігу Райскую, нават у старэйшым узросце запрашалі на святы, выставы, і яна заўсёды прыязджала, таму што, акрамя слова “магу” ці “не магу”, было для яе больш значнае слова “патрэбна”. Яе запрасілі – значыць патрэбна ехаць.

Мы таксама Вас запрашаем дакрануцца да традыцый 18 лістапада на свяце Млынароў!