Топ-10 народных брэндаў Гродзенскага раёна | Отдел культуры Гродненского районного исполнительного комитета

09 Сен 2020

Топ-10 народных брэндаў Гродзенскага раёна

Развіццё і жыццё любога народа нельга ўявіць без яго традыцыйнай культуры, якая ўключае ў сябе, апрача вуснай народнай творчасці, таксама агульны ўклад і ўмовы штодзённага існавання, сукупнасць спосабаў і форм задавальнення матэрыяльных і духоўных патрэб народа. Побыт мае свае адметнасці, характэрныя рысы, уласцівасці літаральна ў кожнай мясцовасці, пастаянна змяняецца, папаўняецца новым зместам. І вельмі важна захаваць тое, чым жылі нашы дзяды, прадзеды, каб яно не згінула ў вяках, а прымушала і сёння задумацца аб каранях роду, вытоках сённяшняга дня.

Анёлы на  плошчы ў Адэльску 

І ў гэтым таксама каларыт беларускіх мястэчак, кожнае з якіх багата на гісторыю і асаблівасці і кожнае з якіх ўнікальна. Прычым, паказваць іх трэба не толькі замежным турыстам. Нам самім, каб не страціць штосьці важнае, варта зазіраць у такія месцы часцей.Прадстаўляем 10 народных цудаў   Гродзенскага раёна і чакаем Вас у госці. 

Адэльскія млыны, караваі і… акарыны.

Аграгарадок Адэльск – былое мястэчка на Гродзеншчыне, край ветракоў, жыхары якога спрадвеку займаліся млынарствам. А яшчэ тут захоўваецца ўнікальная тэхналогія ткацтва падвойных, двухасноўных дываноў, тэхналогія вырабу адметных вялікодных вербачак, якія рабіліся толькі ў гэтым рэгіёне. Адэльчане пякуць хлеб па адмысловым рацэпце. Традыцыйная кухня аграгарадка  занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, як, дарэчы, і творчасць майстра па вырабу драўляных музычных інструментаў Мар’яна Скрамблевіча.

Сваю майстэрню Мар’ян Антонавіч Скрамблевіч — разьбяр, паэт, кампазітар, віртуозны выканаўца, эксперыментатар і проста сціплы мудры чалавек,  абсталяваў у бацькоўскай хаце ў аграгарадку Адэльск, а ў цэнтры культуры – стварыў музейны пакой, дзе ў далечыні ад гарадской мітусні захоўваюцца звыш 300  музычных інтрументаў. У яго калекцыі дзесяткі дуд і дудачак, рагоў і ражкоў, жалеек і акарын – гліняных свістковых флейт, якія ён першым у Еўропе пачаў рабіць з дрэва.

Славіцца Адэльск і мясцовай кухняй, за прастатой адэльскіх страў – досвед  многіх пакаленняў. Традыцыйныя стравы аграгарадка Адэльск самабытныя і цікавыя: паўсядзённыя  (бабка і кішка бульбяная), святочныя (жытні хлеб, “капытцы”, бігас, “цымас”, сыр клінковы), абрадавыя стравы (“ламанцы”).

530-гадовае мястэчка выклікае замілаванне: каменны крыж на ўездзе, старыя вуліцы і заўсёды прыбраныя акуратныя падворкі,  помнікі даўніны, святы Антоній – патрон Акдэльску, гукі касцельнага аргана і дудак Мар’яна Скрамблевіча здольны вылечыць ад жыццёвай мітусні і прымусіць падумаць пра вечнае.

Дзе: аграгарадок Адэльск, Гродзенскі  раён 

Сакрэты «сапоцкінскай пісанкі»

Рамонкі і дзьмухаўцы, дубовыя лісточкі, птушачкі, фантазійныя ўзоры — чаго толькі не ўбачыш на велікодных яйках у гарадскім пасёлку Сапоцкін! Да нашых дзён тут захавалася ўнікальная традыцыя роспісы аднаго з галоўных сімвалаў хрысціянскага свята — пісанкі. Спачатку з дапамогай «шпількі» (тонкай палачкі) гаспадыні наносяць на яйка малюнак топленым пчаліным воскам, а затым апускаюць яго ў фарбаваны раствор. Насычаныя — ад залаціста-жоўтага да чырвона-карычневага — адценні атрымліваюцца дзякуючы натуральным фарбавальнікам: лушпайкам цыбулі, кары дуба, кавалкам іржавага жалеза.

Паназіраць за тэхналогіяй роспісу, асвоіць асновы «сапоцкінскай пісанкі» пад кіраўніцтвам майстроў і вырабіць арыгінальны сувенір можна ў Музеі пісанкі, што ў Сапоцкінскім культурна-турыстычным цэнтры. А пасля майстар-класаў вас запросяць зазірнуць яшчэ  ў незвычайны музей мініяцюр «Нам засталася спадчына», дзе прадстаўлены копіі архітэктурных жамчужын Гродзеншчыны ў кераміцы. 

Дзе: Гродзенскі раён, гарадскі пасёлак Сапоцкін, культурна-турыстычны цэнтр, вул. Гродзенская, 17

Калі: 12.00-22.00, перапынак 16.00-18.00, выхадныя – панядзелак, аўторак  

Ручнікі малой радзімы

Незваротна прайшлі тыя часы, калі ткалі ў кожнай хаце, ды і  ручнікі ўжо не выконваюць сваёй натуральнай ролі, як гэта было яшчэ 50 гадоў таму. Амаль пересталі “стукаць” кросны, а калі хто яшчэ і тчэ (пераважна  жанчыны сталога ўзросту), дык гэта, у лепшым выпадку, посцілкі ці абрусы.

Ва ўстановах культуры працуюць гурткі па вязанню, вышыўцы, радзей ткацтву, тут яшчэ жывуць у невялічкіх музейных кутках ці пакоях   калекцыі  бабуліных рушнікоў і распявадаюць нам пра нашых продкаў. 

У 2017 годзе работнікамі культуры было сабрана мноства разнастайных падоўжаных тканін з  вёсак не толькі Гродзенскага раёна, але і Прынямоння. Сёння іх каля сотні, таму нялегка было арганізаваць іх у адзіную кампазіцыю, а калі кожны ручнік знаходзіў сваё асабістае месца, то пачынаў “размаўляць” з суседнімі ручнікамі, з намі…з гасцямі.

Карціна, якая атрымалася, паказала нам,  што час, бяспрэчна, накладваў свае  адбіткі на развіцце ручніковых традыцый, не змог зберагчы гэтыя вырабы ад здзешніх уздзеянняў, але мы – работнікі культуры іх захавалі.  

Вельмі радасна, што традыцыі нашых продкаў захаваліся і мы маем цудоўную магчымасць пабачыць на свае вочы прыгажосць працы чалавечых рук у музеі беларускага ручніка “Мелодыя ручніка” у в.Зарачанка.  

Надзіва прыгожыя, па-свойму непаўторныя, ручнікі маюць сваю гісторыю…..           

Дзе: Гродзенскі раён, в.Зарачанка,  дом народнай творчасці,

Калі: 8.00-17.00, перапынак 13.00-14.00, выхадныя – панядзелак, аўторак  

Гродзенскія вербы (пальмы)

Вербная  (Пальмавая) нядзеля  ў Гродзенскім рэгіёне не абыходзіцца без аднаго з галоўных сімвалаў свята – вярбы.

Гродзенскія  вербы вельмі адметныя — гэта не толькі святочны атрыбут да свята, але  і сапраўдны твор народнага мастацтва.

Сёстры Дамініка Кавалёнак, Чэслава Чарэднікава, Ванда Лапацінская і Данута Альшэўская — адзіныя майстрыхі, якія захавалі ўнікальную тэхналогію ўпрыгожвання велікодных вербаў, распаўсюджаную калісьці ў Гродна, Сапоцкіне, Індуры і Адэльску. 

Усе гродзенскія вербы плоскія, вышынёй каля 50 см, робяцца абавязкова з трох галінак белай вярбы. Майстры выкарыстоўваюць для іх вырабу самыя разнастайныя па фактуры і пластычных магчымасцяў матэрыялы, напрыклад, каласы аўса і жыта, розныя травы (цімафееўка, мятлік і іншыя). Нароўні з травой натуральнай прыроднай афарбоўкі, рознакаляровымі сухавейкамі, якія вытворцы вербаў спецыяльна вырошчваюць, выкарыстоўваюцца расліны, афарбаваныя штучнымі анілінавымі фарбавальнікамі (часцей за ўсё ў чырвоны, зялёны, ліловы, жоўты, аранжавы колеры).

Убачыць калекцыю незвычайных вербаў можна наведаўшы Музей пісанкі ў Сапоцкінскім культурна-турыстычным цэнтры. 

Дзе:Гродзенскі раён, гарадскі пасёлак Сапоцкін, культурна-турыстычны цэнтр, вул. Гродзенская, 17

Калі:12.00-22.00, перапынак 16.00-18.00, выхадныя – панядзелак, аўторак           

Падвойныя (гродзенскія) дываны

То ўзорам чорным на ўтку зялёным,

То на белым-сінім, бы расой замглёным,

То ў вянкі, у алені нейк перабірана,

Быццам не рукамі , а машынай ткана.

Л.Геніюш

“Падвойныя”  дываны (ковры) – адзін з самых вядомых народных брэндаў Гродзенскага раёна. Галоўны сакрэт — дзве асновы розных колераў, звязваюць паміж сабой толькі ў контурных абрысах малюнка. Дзякуючы гэтаму вырабы атрымліваюцца двухбаковыя — светлы ўзор на цёмным фоне і цёмны на светлым і дыван быццам складаецца з двух асобных тканін, якія спалучаюцца адна з адной па краях і ў месцах узору. 

Ткацтва – праца складаная, пасутнасці, гэта – мастацтва. Не пралі ў суботу – “бацькоўскі дзень”. Да “кроснаў” – ручнога ткацкага станка — ставіліся з асцярожнасцю, нават з нейкім забабонным страхам.  Пераносілі аснову з хаты ў хату толькі пасля заходу сонца, добра накрытую ад ліхога воку, забаранялася пераступаць праз рамку.       

Самая вядомая майстрыха гродзенскіх дываноў — Райская Ядвіга з в.Адэльск Аўгустаўны, якая ўмела ткаць да 12 узорадываноў  і штогод стварала  да 10 дываноў.  

У наш час падвойныя дываны ткуць толькі асобныя майстрыхі. Сёння можна ўмоўна выдзеліць два рэгіёны ў Беларусі, дзе захоўваецца традыцыя падвойнага ткацтва. Дарэчы яны ўвайшлі ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь: веска  Гудзевічы Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці і Падбела Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці. Цяпер гэта не толькі рэгіянальная, але і нацыянальная каштоўнасць.

У Гродзенскім раёне з гэтымі традыцыямі можна пазнаёміцца ў аг.Адэльск і ў в.Зарачанка, дзе створана музейная экспазіцыя «Дываны Панямоння».

Дзе:Гродзенскі раён, аг.Адэльск, цэнтр культуры і народнай творчасці, вул. Школьная, 52

Калі:12.00-22.00, перапынак 16.00-18.00, выхадныя – панядзелак, аўторак

Дзе:Гродзенскі раён, в.Зарачанка,  дом народнай творчасці,

Калі:8.00-17.00, перапынак 13.00-14.00, выхадныя – панядзелак, аўторак             

Беларускае золата

“Беларускае золата” – так у народзе называюць  прыродны матэрыял — саломку, з якога атрымоўваюцца незвычайнай прыгажосці дэкаратыўныя вырабы…

Цудоўнай прыгажосці птушкі, грывасты конь,  сімвалы Беларусі – зубр і бусел,  ганарыстыя прыгажуні — лялькі і цэлыя кампазіцыі з народнага жыцця – усё гэта створаюць майстры аддзела этнаграфіі, рамёстваў і фальклору Гродзенскага раёна са звычайнай саломы.

Саломка ўпрыгожвае экспазіцыі выстаў і музейных пакояў ва ўстановах культуры,  мастацкія вырабы з саломкі: капелюшы, мужчынскія і жаночыя шляпы, какошнікі, картузы, квятастыя вянкі сталі упрыгожваннем і дапаўненнем да традыцыйных беларускіх касцюмаў калектываў аматарскай творчасці нашага раёна. 

У творчым багажы майстроў-саломапляцельшчыкаў- цэлыя сэрыі работ, якія былі спецыяльна зроблены да абрадавых свят Пасхі, Каляд, Купалля: «Калядны анёлак», пано «Калядная зорка», «Саламяная каза», пасхальныя кошыкі з кветкамі,  калекцыя пасхальных яек, інкруставаных саломкай, саламяныя вербы, жніўныя вянкі, дажыначныя снапы і іншыя атрыбуты жніва.                                                 

Папулярнасцю сярод замежных турыстаў — пакупнікоў карыстаюцца  мастацкія вырабы:  пасхальныя кошыкі з кветкамі, шкатулкі,  карціны, пано, інкрусціраваныя саломкай.

У 2020 годзе мастацкія практыкі саломапляцення Рэспублікі Беларусь, у тым ліку і Гродзенскага  раёна, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.

Дзе:Гродзенскі раён, аг.Гожа, сельская бібліятэка, аддзел этнаграфіі, фальклору і рамёстваў, г.Гродна, вул.17-верасня, 50

Калі:8.00-17.00, перапынак 13.00-14.00, выхадныя  субота, нядзеля    

Абярэжныя лялькі з Індуры

Дзецям аграгарадка Індура могуць пазайздросціць маляняты з любога іншага кутка нашага рэгіёну — у мясцовым цэнтры культуры з 2019 года адкрыты музей лялькі «Лялька ў карагодзе жыцця», экспазіцыя якога налічвае звыш 300 лялек.        

Але, як вядома, місія лялек куды больш шырокая, чым забаўка для дзяцей.

Нашы продкі заўсёды бачылі ў ляльках абаронцаў і верылі, што яны валодаюць чароўнымі сілмі, таму існуе шмат лялек-абярэгаў: Багатуха, Зернавушка, лялька Неразлучнікі, Спавівачка, Начніца, Дзесяціручка, Жаданніца, Берагіня і ншыя.        

У музеі вы пазнаёміцеся не толькі са значэннем славянскіх абярэгаў, але і з тым, што традыцыйная лялька выраблялася па строга вызначаным канонам,   а ўдзел у майстар-класе па стварэнню лялькі – стане для вас займальным і асаблівым, бо кожная лялька атрымоўваецца са сваім характарам.          

Глядзіш, хтосьці і набудзе на памяць, а можа і як абярэг свістульку і бразготку, ляльку-багатуху, ляльку-зялярку, ляльку на шчасце. А калі не купляць, то можна і самому паспрабаваць зрабіць такі прывабны прадмет у інтэр’ер свайго жытла, і няхай ён не толькі цешыць вока, але і аберагае не толькі дзяцей, але і ўсіх сямейнікаў ад усялякага ліха. Было б жаданне і вера. Няхай і вас Бог бароніць ад ліха, заставайцеся здаровыя і да пабачэння ў музеі лялькі ў аг.Індура.

Дзе:Гродзенскі раён, аг. Індура, цэнтр культуры, вул. Някрасава, 1

Калі:12.00-22.00, перапынак 16.00-18.00, выхадныя – панядзелак, аўторак  

Этнавандроўка ў глыбінку з калядоўшчыкамі

Калядоўшчыкі з Жытомлі і Квасоўкі калядуюць у АбухаваКалядныя святы пачыналіся з дня Божага Нараджэння — Раства. Калі першая зорка з’яўлялася на небе, уся сям’я садзілася за стол, засланы белым абрусам, пад які клалі сена. Стравы на стале былі посныя, абавязкова варылі куццю — кашу з круп. Запаліўшы свечку і памаліўшыся, пачыналі вячэраць. З гэтага дня па сяле хадзілі калядоўшчыкі — юнакі і дзяўчаты, пераапранутыя ў цыганоў, казу, жорава, кабылу. Калядоўшчыкі спявалі песні-калядкі, скакалі пад скрыпачку і бубен, у заключэнне выконвалі велічальную песню гаспадарам дома з самымі шчодрымі пажаданнямі, а ў адказ атрымлівалі пачастункі.

Вядома, у кожнай вёсцы калядоўшчыкі ладзяць свята па-свойму. У Гродзенскім раёне – гэта цэлы падзейна-культурны праект, так званы “сход калядоўшчыкаў” з фальклорнымі вандроўкамі, рэканструкцыяй абрада “Калядаванне”, смакаваннем лакальных абрадавых страў (“ламанцы”, “кокоры”), цыклам мерапрыемстваў “Этнавандроўка ў глыбінку”.

А ўсё разам: добры настой, разнастайнасць відовішч на свяце,   цудоўная запамінальная атмасфера свята. І гэта сімвалічна, бо свет Віфлеемскай зоркі ў сэрцы кожнага з нас. 

Дзе:вескі і аграгарадкі Гродзенскага раёна 

Купальская ночка

Свята Купалле адзначалася у гонар летняга сонцастаяння з 6 на 7 лiпеня. А у Гродзенскiм раёне яго святкуюць 5 лiпеня — у дзень святой Улiяны — дзень сустрэчы закаханых.

Народны фальклорны гурт «Жывіца» Квасоўскага цэнтра культуры і  развіцця народнай творчасці і народны тэатр народнай песні «Матуліна песня» Жытамлянскага дома фальклору ладзяць традыцыйнае беларускае Купалле не толькі ў сваіх мясцовасцях, але і на Аўгустоўскім канале. Таму арганізатары свята раяць ў гэтую ноч абавязкова  завітаць ў гэтую цудоўную мясцовасць. Усю ноч ля купальскага агню гучаць песні, ладзяцца карагоды, гульні. Хлопцы і дзяўчаты скачуць праз вогнішча паасобку, накрыж і парамі,  каб ачысціцца і засцерагчыся ад злых сіл.  Дзяўчаты плятуць вянкі каб пусціць на ваду са словамі «Ляці, ляці, вяночак, лаві, лаві, дружочак». Па тым, як рухаўся вянок, прадказвалі сваю будучыню: калі ен адразу на дно пойдзе – не быць замужам у гэтым годзе, калі ж паплыве далёка і роўна – быць шчасліваму замужжу.

Дарэчы, Янка Купала пісаў некалі: “Ах, якое ж Купалейка сёння ў вас,/ Ах, якую ж вы спадчыну маеце!”. Такой багатай спадчынай і сапраўды можна ганарыцца. 

Дзе:вёска Жытомля, аг.Квасоўка, Аўгустоўскі канал, Гродзенскі раён   

На шчасце, на багацце, на добры ўраджай!

Нашы продкі шмат увагі надавалі рытуальным дзеянням, якія павінны былі забяспечыць багаты ўраджай. І зараз пакаленне ХХІ стагоддзя падтрымлівае даўнія традыцыі. 

З сівых стагоддзяў дайшоў да нас вельмі прыгожы абрад засевак, альбо, як кажуць інакш, свята першай баразны, што адрадзіў народны фальклорны гурт «Жывіца» Квасоўскага цэнтра культуры і развіцця народнай творчасці. 

Адзін з самых старажытных земляробчых абрадаў — «Зажынкі» — праводзяць у Гродзенскім раёне. Жанчыны з песнямі па традыцыі жнуць першы сноп — як сімвал пачатку ўборачнай кампаніі.

Першы сноп ўпрыгожваюць кветкамі і стужкамі. Яго называюць сноп-спарыш, гэта значыць двайны, што сімвалізуе прымнажэнне ўсяго добрага, што ёсць у жыцці. Гэты сноп захоўваюць увесь год каля абраза. Яго каласы лічацца гаючымі. Збожжа нашы продкі выкарыстоўвалі для лячэння людзей і птушак, саломай кармілі хворых жывёл. Згодна з павер’ем, дзякуючы гэтаму прыгожаму святочнага абраду ніва павінна стаць урадлівым, а каласы — цяжэйшымі.Дажынкі ў Верцялішках

Дажынкі – старажытнае народнае свята ў беларусаў, звязанае з апошнімі момантамі жніва. Дажаўшы жыта, пасля абраду «завівання барады» (закручвалі пук і пакідалі яго) «для птушак» жнеі прыхарошвалі сноп кветкамі, плялі вянкі з каласоў і з песнямі ішлі ў вёску. Прыйшоўшы, аддавалі сноп гаспадарам, за што мелі смачны пачастунак ці падарункі.  Дажынкам было прысвечана шмат дажынкавых песень, якія спявалі напрыканцы жніва, вяртаючыся з поля ў вёску і на застоллі. Яны былі значна весялейшыя за жніўныя песні, бо ў апошніх спявалася пра нялёгкую працу і долю жней і іх дзяцей. 

Дзе:вескі і аграгарадкі Гродзенскага раёнаНаталля Рамановіч, вядучы метадыст па рэалізацыі культурна-дзелавых праэктаў і развіццю турызма ДУК “Гродзенскі раённы культурна-інфармацыйны центр”