У Адэльскім цэнтры культуры і народнай творчасці адбыўся творчы вечар, прысвечаны Мар’яну Скрамблевічу | Отдел культуры Гродненского районного исполнительного комитета

26 Мар 2020

У Адэльскім цэнтры культуры і народнай творчасці адбыўся творчы вечар, прысвечаны Мар’яну Скрамблевічу

25 сакавіка  2020 года ў Адэльскім цэнтры культуры і народнай творчасці адбыўся творчы вечар, прысвечаны Мар’яну Скрамблевічу –  чалавеку з багатым жыццёвым вопытам і творчым плёнам, які адзначыў свой 81 год нараджэння.Мар’ян Антонавіч — выдатны творца, музыкант, рэстаўратар, творчасць якога набыла статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны нашай краіны. Ен носіць ганаровае званне “народны майстар Рэспублікі Беларусь”, з’яўляецца ганаровым грамадзянінам Гродзенскага раёна, за ўклад у развіццё народнай творчасці і традыцыйных рамёстваў атрымаў званнне «Чалавек года Гродзеншчыны», яго імя  занесена  ў  “Книгу Славы Гродненской области”,  у энцыклапедыю «Беларускі фальклор».

Падчас сустрэчы  шмат шчырых слоў прызнання, віншаванняў у адрас Мар’яна Скрамблевіча прагучала ад кіраўніцтва аддзела культуры, прафсаюзнага камітэта, сяброў і калег па працы.

Гучалі на творчым вечары і музычныя  віншаванні ад навучэнцаў і настаўнікаў  дзіцячай музычнай школы мастацтваў Марцулевіча Патрыка, Марцулевіч Малгажаты, Аляксейчык Вольгі і лаўрэта абласных і раённых конкурсаў Даніэля Гняцецкага.

Майстар  дзяліўся  цёплымі ўспамінамі пра свой жыццёвы шлях і творчую дзейнасць, пра сяброўскія адносіны з калегамі, музыкантамі. Мар’ян Антонавіч – гэта цікавы суразмоўца, які ўмее павесці ў сапраўднае падарожжа па краіне музыкі, песні, гукаў. Глядзіш у вочы майстра, слухаеш яго зачаравана і міжволі ўяўляеш працавітыя рукі, якія з цярплівасцю дасягаюць задуманае…

І як заўсёды  Мар’ян Антонавіч радаваў нас сваiм майстэрствам гульні на дудачках, флейтах, жалейках, акарынах у выглядзе птушак і рыб, паляўнічых ражках, трэмбітах!

Лёгка, проста і весела – у духу нашага Марьяна Скрамблевіча – правялі  гэтую  вечарыну!

Дай Божа, паважаны Майстар, каб Вы яшчэ не аднойчы сустракалі дні нараджэння, а Вашы таленавітыя рукі нястомна стваралі драўляныя інструменты, якія так мілагучна гучаць на ўвесь свет!