ПРЫДАРОЖНЫЯ КРЫЖЫ…..МАЎКЛІВАЯ ГІСТОРЫЯ МАЛОЙ РАДЗІМЫ! | Отдел культуры Гродненского районного исполнительного комитета

26 Мар 2020

ПРЫДАРОЖНЫЯ КРЫЖЫ…..МАЎКЛІВАЯ ГІСТОРЫЯ МАЛОЙ РАДЗІМЫ!

Крыж як сімвал веры суправаджае нас ад нараджэння і да самай смерці, яны ўшаноўваюцца людзьмі, дзе б яны з імі ні сустрэліся, – у святыні, на скрыжаванні, проста на дарозе ці на могілках… З ім звязаныя міфы і легенды, прыказкі, прымаўкі, рытуалы. Ён – у аснове арнаментаў і архітэктурных будынкаў. Ім благаслаўляюць, лічаць засцярогам, ён упрыгожвае старадаўнія гербы.

Ёсць і прыдарожныя крыжы. На беларускіх землях здаўна склалася традыцыя ўсталёўваць у асаблівых памятных месцах, на ростанях, на пачатку і напрыканцы вёсак, ля крынічак, на скрыжаваннях дарог крыжы. Пастаўлены на бойкім месцы паблізу дарогі, ён выконвае сімвалічнае прызначэнне, засцерагае жыхароў паселішча ад усялякай бяды.

Некаторыя з іх закінутыя, шмат крыжоў дагледжаныя і ўпрыгожаныя. Гледзячы на прыдарожны крыж,  хочацца маўчаць, і ціха думаць пра тых людзей, чые рукі зрабілі яго, устанавілі, упрыгожылі кветкамі, каляровымі стужкамі, пры тых, хто наведвае яго ў дні хрысціянскіх святаў і асобных набажэнстваў.

Не выключэнне і Гродзенскі раён. Напрыклад,  аг.Адэльск сярод другіх населеных пунктаў вылучаецца тым, што тут захавалася шмат прыдарожных крыжоў, а па дадзеным мясцовых старажылаў іх было яшчэ болей. На сённешні час іх тут налічваецца 12. Некаторыя з іх змянілі месца свайго першапачатковага ўсталявання, другія былі заменены на больш новыя, іншыя зніклі з рэчаіснасці.

Колькі цікавага захоўваюць звычайныя прыдарожныя крыжы!?

З красавіка бягучага года  Гродзенскі раённы культурна-інфармацыйны цэнтр распачынае новы праект, прысвечаны 80-годдю ўтварэння Гродзенскага раёна і Году малой радзімы “ ПРЫДАРОЖНЫЯ КРЫЖЫ…..маўклівая ГІСТОРЫЯ МАЛОЙ РАДЗІМЫ!”

Рэалізацыяй праекта будуць займацца бібліятэкары раёна. Ужо  пачаўся  збор інфармацыі, якая датычыць крыжоў, што знаходзяцца на тэрыторыі іх гарсельсавета: архіўныя дакументы, успаміны і сведчанні жыхароў, сучасныя ці гістарычныя здымкі, любая іншая інфармацыя і матэрыялы, якія будуць змешчаны ў аднаіменным выданні інфармацыйна-бібліятэчнага аддзела. Даследчая праца пра крыжы Гродзенскага раёна  знойдзе працяг у створэнні інтэрактыўнай карты, і ў распрацоўцы новага экскурсійнага маршрута.     Экскурсія па прыдарожных крыжах, спадзяёмся, будзе абавязкова запатрабаваная жыхарамі раёна, асабліва з надыходам вясны. Менавіта жывое судакрананне да роднай гісторыі выхоўвае не паказны  – сапраўдны патрыятызм.Рамановіч Наталля Іосіфаўна – вядучы метадыст па рабоце ў вобласці традыцыйнай мастацкай культуры, нематэрыяльнай культурнай спадчыны і фальклору