Куды прыводзяць мары: як прадстаўнікі Гродзенскага раёна з’ездзілі ў госці да таленавітай палескай спявачцы Кацярыны Панчэнi | Отдел культуры Гродненского районного исполнительного комитета

02 Ноя 2020

Куды прыводзяць мары: як прадстаўнікі Гродзенскага раёна з’ездзілі ў госці да таленавітай палескай спявачцы Кацярыны Панчэнi

23 і 24 кастрычніка народны фальклорны калектыў «Жывіца» Квасоўскага цэнтра культуры прымаў удзел у святкаваннi 1040-годдзя Турава і раённых «Дажынках»Сустрэча 

Перш, чым патрапіць на свята, яны наведалiся ў адно цiкавае месца. У Дзяніса Балабуева, загадчыка Квасоўскага цэнтра культуры і кіраўніка народнага фальклорнага гурта «Жывіца», была мара сустрэцца і паспяваць разам з 78-гадовай таленавітай палескай спявачкай і жартаўніцай Кацярынай Аляксееўнай Панчэняй, ці, як усе яе па-сямейнаму называюць, бабай Кацяй. Жанчына захавала ў першапачатковым выглядзе звыш за сто песень і каля дваццаці абрадаў. Гэтай мары было наканавана спраўдзіцца.  

  Баба Каця жыве ў Пагосце – невялікай старой вёсачцы ў Жыткавіцкім раёне. Гэтае месца адно з лепшых для правядзення зімовых святаў. Менавіта так некалькі гадоў таму палічылі складальнікі рэйтынгу з амерыканскай тэлекампаніі CNN. А ў  канцы 2019 года веснавы абрад «Юраўскі карагод», які тут захаваўся ў жывой традыцыі, быў  уключаны   ў  Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА.   

– На парозе сельскага клуба-бібліятэкі нас сустрэлі з хлебам-соллю кіраўнік народнага фальклорна-этнаграфічнага калектыву «Міжрэчча» Ірына Торчык і баба Каця, якая заснавала гэты калектыў 40 гадоў таму, – распавядае пра падарожжа  Наталля Рамановіч, вядучы метадыст па рэалізацыі культурна-дзелавых праектаў і развіццю турызма Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра. – У клубе – вялікая музейная экспазіцыя, старыя рэчы: тканыя посцілкі, ручнікі, сурвэткі, вязаныя абрусы, мэбля.

Баба Каця  

Больш за ўсё ўразiла гісторыя бабы Каці, якая спявала з маленства, як і ўсе яе родныя, суседзі. Жыць было цяжка. Жанчына і стагі клала, і ўсю мужчынскую работу рабіла, самой прыйшлося падымаць дзяцей, а потым, так распарадзіўся лёс, і ўнукаў. 

– Шэсць сыноў нарадзіла, ды ўсе сышлі ўжо дадому, акрамя аднаго. Толькі я тут загасцілася… – уздыхае баба Каця і адразу жартуе: – Нейкая жывучая я. Дзевяноста пяць буду жыць. А потым яшчэ пяць прыбаўлю, бо спяваць хачу і харавод весці!  

Жанчына цяжка хварэла, але кажа: 

– Выкарабкалася. Вярнулася ў сваю хатку – і зноў заспяваць захацелася.  

Яна ўпэўнена, што засталася жыць, бо не ўсё яшчэ зроблена. Дарэчы, што б ні здаралася, Кацярына Аляксееўна заўсёды прытрымлівалася традыцый, што завяшчалі дзяды і прадзеды. Яны ды вера дапамагалі ёй жыць. 

 Кацярына Панчэня з дзяцінства памятае, як дома яе бацькі жанілі коміна. Бацька дзяўчыны быў гарманістам, таму ў госці да сям’і кожны год прыходзілі людзі, каб задобрыць сімвал хатняга ачага восеньскім абрадам. Калектыў «Міжрэчча» пра абрад не забывае. Яны стварылі макет коміна і «жэняць» яго штогод, а калі едуць турысты,  то і штодня.  

Ад’язджаць падарожнiкам з Гродзенскага раёна не хацелася. Але ж наперадзе чакаў Тураў. На святкаваннi яго 1040-годдзя «Жывіца», як заўсёды, парадавала сваім выступленнем і з задавальненнем далучылася да віншаванняў Кацярыны Аляксееўны з нагоды прысваення ёй звання «Ганаровы грамадзянін Жыткавіцкага раёна».