У Тураў — на святы, за фальклорам — у Пагост | Отдел культуры Гродненского районного исполнительного комитета

29 Окт 2020

У Тураў — на святы, за фальклорам — у Пагост

У аддзела культуры Гродзенскага райвыканкама добрыя сяброўскія сувязі з работнікамі культуры Жыткавіцкага раёна здаўна, ездзілі з творчымі калектывамі адзін да аднаго ў госці, вучыліся спяваць і працаваць на ніве культуры. 

Але ў Дзяніса Балабуева, загадчыка Квасоўскага цэнтра культуры і развіцця народнай творчасці, і народнага фальклорнага гурта «Жывіца» мара сустрэцца і паспяваць разам з 78-гадовай пагастчанкай, таленавітай палескай спявачкай і жартаўніцай, захавальніцай  звыш ста песень і каля дваццаці абрадаў, якія захаваліся ў першапачатковым выглядзе да цяперашняга часу, Кацярынай Аляксееўнай Панчэняй ці як усе яе па-сямейнаму называюць, бабай Кацяй,  споўнілася толькі цяпер.

Народный фальклорны гурт «Жывіца» Квасоўскага цэнтра культуры і развіцця народнай творчасці 23-24 кастрычніка быў запрошаны на святкаванне 1040 — годдзя горада Турава — аднаго са старажытнейшых гарадоў Беларусі, і на раённыя Дажынкі, якія таксама праходзілі ў Тураве.

Наведалі з экскурсіяй аб’екты гісторыка-культурных каштоўнасцей, якія здівілі сваёй велічнасцю. Цікавым быў аповяд пра гарадзішча старажытнага Турава, на тэрыторыі якога адбываліся ў гэтыя дні святочныя мерапрыемствы, і праваслаўны храм 12 ст., які быў разрушаны пад час землятрусу ў 1230 годзе, а сёння — самае вялікае манументальнае збудаванне, дзе былі выяўлены пахаванні ў каменных саркафагах. Уразіў помнік свяціцелю, паэту, філосафу і прапаведніку Кірылу Тураўскаму,  які   ў свой час тут жыў,  і дзіўная з’ява – два каменных крыжа, якія растуць з зямлі.

Але   ўсе чакалі сустрэчы з бабай Кацяй з Пагосту.  Невялікая старая вёсачка ў Жыткавіцкім раёне — адно з лепшых месцаў для правядзення зімовых святаў. Менавіта так, некалькі гадоў таму, палічылі складальнікі рэйтынгу з амерыканскай тэлекампаніі CNN. У ТОП-10 беларускі населены пункт Пагост заняў 3-е месца, апярэдзіўшы нават такія буйныя гарады, як Зальцбург, Сіднэй і Нью-Ёрк. А  ў  концы 2019 года веснавы абрад «Юраўскі карагод», які тут захаваўся ў жывой традыцыі, быў  уключаны   ў  Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА. У бягучым годзе палеская вёска Пагост адзначыла 500 гадоў з дня першага згадвання пра яе ў гістарычных дакументах, дзе пражывае ўсяго каля 200 чалавек, а яшчэ ў 60-ыя гады  – было каля 1200.

На парозе сельскага клуба-бібліятэкі — старога будынка 1946 года пабудовы, нас сустракаюць з хлебам-соллю, які выпеклі да нашага прыезду, Ірына Торчык, кіраўнік народнага фальклорна-этнаграфічнага калектыву «Міжрэчча» і баба Каця, якая заснавала гэты калектыў 40 гадоў таму. Праз некаторы час забегла з усмешкай і “я хуценька, пайшла народны касцюм апранаць” загадчыца клуба Ірына Юнчыц, якая ў гэты дзень атрымала Падзяку Міністра культуры Рэспублікі Беларусь.

У клубе – вялікая музейная экспазіцыя, старыя рэчы: тканыя посцілкі, ручнікі, вышываныя сурвэткі, вязаныя абрусы, мэбля – усё прыцягвала ўвагу.  Кожная рэч са сваёй гісторыяй, шмат чаго перадала баба Каця, шмат прынеслі са старых хат малодшыя захавальніцы старажытных абрадаў, блізкія па духу «памошніцы» бабы Каці дзве Ірыны – Ірына Юнчыц і Ірына Торчык.

І пачалася доўгая гутарка з песнямі, гісторыямі пра Пагост і яго жыхароў. Сяджу з калегамі ў клубнай зале, у якой напачатку было трохі холадна, і разам з імі хутка забываюся на гэтую акалічнасць: ад станоўчых эмоцый і энергетыкі бабы Каці і ўдзельніц калектыва становіцца надта цёпла, хораша, утульна ўсім! Вось што робіць сапраўднае мастацтва! Аказваецца, вельмі прыцягальныя звычаі ды сімвалы, якія спрадвеку мелі вялікае значэнне. Шкада толькі, што паважаць, пераймаць і захоўваць сваё роднае мы часта пачынаем толькі тады, калі яно на мяжы знікнення. 

Колькі сябе памятае баба Каця — спявала з маленства, як і ўсе яе родныя, блізкія, суседзі. Цяжкае жыццё пражыла, распавядае, як сама і стагі

клала, і ўсю мужчынскую работу рабіла, самой прыйшлося падымаць дзяцей, а потым, так распарадзіўся лёс, і ўнукаў, хоць «не заўсёды было да песень». «Шэсць сыноў нарадзіла, ды ўсе сышлі ўжо дадому, акрамя аднаго. Толькі я тут у гасцях затрымалася …» — уздыхае яна. І адразу жартуе:” Некая ж жывучая я. Дзевяноста пяць буду жыць. А потым яшчэ пяць прыбаўлю, бо спяваць хачу і  харавод весці! Ждаць некагда!!!!!!!”

Але, што б ні здаралася, цвёрда выконвала тое, што завяшчалі дзяды і прадзеды, — свае традыцыі, абраднасць. І другіх заклікала іх трымацца. Яны ды вера дапамагалі ёй жыць. Цяжка хварэла, але кажа: “выкарабкалася. Вярнулася ў сваю хатку – і зноў заспяваць захацелася”. Пераканана: засталася жыць, бо не ўсё завершана на крузе жыцця, не ўсё яшчэ зроблена…

А спяваць у Пагосце заўсёды спявалі: і на святыя святы, Раство і Пасху, і на Іванаў дзень, і на «женитьбу комина» (калі людзі восенню ўпершыню запальвалі святло і ў «каміна», ачага, «наладжвалі адносіны» з духамі дома).

Кацярына Панчэня з дзяцінства памятае, як дома яе бацькі жанілі коміна. Бацька бабы Каці быў гарманістам, таму ў госці да сям’і кожны год прыходзілі людзі, каб задобрыць сімвал хатняга ачага восеньскім абрадам. Таму ўдзельніцы групы «Міжрэчча» пра абрад не забываюць. Яны стварылі макет коміна і «жэняць» яго штогод, а калі едуць турысты,  то і штодня. У ролі нявесты коміна выступае ўпрыгожаная печ. Вось і нам пашчаслівілася паўдзельнічаць у гэтым “вяселлі”. Баба Каця звяртаецца да коміна са словамі: “Згінь, нячысты дух! Каб Бог спас худобу, каб захаваў дзяток маленькіх і не забыў нас, старэнькіх!”.  Падчас абраду спявалі разам з бабай Кацяй песні, якія ўхвалялі гаспадара дома, вадзілі хараводы, а ўжо падчас застолля, якім абавязкова заканчываецца абрад, запявалі беседные песні і песні пра кахання.

У мясцовым клубе Кацярына Аляксееўна штодня, як і сорак гадоў таму, калі прыйшла працаваць і стварыла фальклорны калектыў “Міжрэчча”, нягледзячы на нездароўе, з народнымі песнямі і абрадамі, родным калектывам не расстаецца, працуе з чыстым сэрцам і душой, захоўвае традыцыі і абрады бацькоў, вучыць гэтаму моладзь, з задавальненнем сустракае гасцей, вядомых і невядомых, выпякае хлеб, пампушкі з хлебнага цеста. І мы за абрадавым сталом паспрабавалі і   калінаўнік, і кісель, і тушаную ў печы бульбу і галубцы па старадаўніх рэцэптах. У краме такой смакаты не купіш! 

Ад’язджаць не хацелася. На ранку сустрэліся ўжо ў Тураве на святочных мерапрыемствах, прысвечаных 1040 — годдзю г.Турава і раённых дажынках, дзе “Жывіца”, як заўсёды, парадавала сваім выступленнем і з задавальненнем далучыліся да віншаванняў Кацярыне Аляксееўне з нагоды  прысваення ёй звання “Ганаровы грамадзянін Жыткавіцкага раёна”. І зноў песні і жарты ад бабы Каці, якую пазначыў Бог талентам, працавітасцю, энергічнасцю, настойлівасцю, верай у справядлівасць і дабро. 

Думаю: нягледзячы на здраднікі-гады, на хваробы і жыццёвыя няскладнасці  ўсё ж такая, як у маладосці – заражае ўсіх сваёй захопленасцю фальклорнымі традыцыямі, нашымі беларускімі і агульнаславянскімі народнымі шадэўрамі. І вось у каго б нам, маладзейшым, павучыцца. Як несці ў народ, прапагандаваць сваё – мастацтва, мову і чалавечую чысціню. Павучыцца, як незаўважна робіць справу свайго жыцця простая жанчына, Кацярына Аляксееўна Панчэня. Дзякаваць Богу, што ёсць носьбіты спрадвечнай культуры, якім за ўсё баліць.             

Скажу шчыра: з жывымі традыцыямі, як мне бачыцца, у нас ёсць праблемы. Два вядучых калектыва: народны тэатр народнай песні «Матуліна песня» Жытамлянскага дома фальклору (кіраўнік Адамовіч Тарэса Антонаўна) і народны фальклорны гурт «Жывіца» Квасоўскага цэнтра культуры і развіцця народнай творчасці (кіраўнік Касянчук Людміла Вячаславаўна) ды яшчэ десятак людзей з устаноў культуры раёна праводзяць змястоўную работу па захаванню і адраджэнню традыцый, але гэтага не дастаткова. А чаму б працу культработнікаў не ацэньваць яшчэ і па колькасці захаваных традыцый?

Наталля Рамановіч, вядучы метадыст па рэалізацыі культурна-дзелавых праектаў і развіцці турызма Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра.