У Парэцкай дзіцячай музычнай школе мастацтваў адбыліся музейна-педагагічныя заняткі і выставы-паказы «Аўтэнтычныя музычныя інструменты майстра» | Отдел культуры Гродненского районного исполнительного комитета

10 Ноя 2021

У Парэцкай дзіцячай музычнай школе мастацтваў адбыліся музейна-педагагічныя заняткі і выставы-паказы «Аўтэнтычныя музычныя інструменты майстра»

9 лістапада ў Парэцкай дзіцячай музычнай школе мастацтваў адбыліся першыя музейна-педагагічныя заняткі і выстава-паказ  «Аўтэнтычныя  музычныя інструменты майстра» з музычнай праграмай  ад Мар’яна Антонавіча Скрамблевіча, народнага майстра Рэспублікі Беларусь, уладальніка Гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, спецыяльнай премiі Прэзiдэнта Рэспублікі Беларусь  у культуры на 2021 год.

Уявіць жыццё чалавека без музыкі немагчыма, але ў кожнай эпохі яна свая. Пад музыку весялей, так лічылі беларусы. У тыя часы, калі невядомы былі грамафоны, нельга было ўключыць магнітафон, і тым больш смартфон, заставалася самім пець, або чакаць музыкаў, якія набылі або змайстравалі інструмент і без падручнікаў асвоілі яго. Сто гадоў таму любы беларус, які час ад часу бываў на кірмашах або на вяселлях, адказаў бы без запінкі, што самы папулярны беларускі інструмент – гэта дуда. Сёння не кожны скажа, як яна выглядала і тым больш, як гучала. Гаворка ідзе не аб дудачцы і нават не аб дудцы, а аб скураным мяшку з некалькімі трубкамі, які ў Беларусі вядомы як дуда. Аб дудзе, акарыне, самагучных і іншых беларускіх народных інструментах вучні школы даведаліся ад Мар’яна Антонавіча Скрамблевіча. Цікавым і пазнавальным быў майстар-клас ігры на драўляных музычных інструментах, на якім вучні дэталёва пазнаёміліся з тэхналогіяй вырабу музычных інструментаў, вынаходлівасцю майстра, які валодае сакрэтамі загатоўкі, сушкі, апрацоўкі розных парод дрэў, што, безумоўна,  пашырыла і ўзбагаціла іх веды аб самабытных беларускіх народных музычных інструментах.  Мар’ян Антонавіч на памяць падараваў школе дзве кнігі “Музыка праз усё жыццё. М.А.Скрамблевіч” і “Музычныя інструменты Мар’яна Скрамлевіча”, якія багата ілюстраваны,  раскрываюць дзіўны свет   музычных інструментаў майстра і расказваюць пра яго творчасць.  Кнігі выдадзены за сродкі гранта Прэзідзента Рэспублікі Беларусь на 2021 год   на рэалізацыю праекта па зберажэнню традыцыйных спосабаў вырабу беларускіх народных інструментаў М.А.Скрамблевіча. 

Наступныя аналагічныя мерапрыемствы адбудуцца:

  • 10 лістапада – Квасоўская дзіцячая школа мастацтваў, а 15.00 гадзіне;
  • 17 лістапада – Верцялішкаўская дзіцячая школа мастацтваў, а 16.00 гадзіне;
  • 18 лістапада – Індурская дзіцячая музычная школа мастацтваў, а 15.00 гадзіне.