Выставу абразоў і майстэрства пісанкі прадэманстравалі падчас мерапрыемства «Квасоўскія Велікодныя чытанні» | Отдел культуры Гродненского районного исполнительного комитета

21 Апр 2022

Выставу абразоў і майстэрства пісанкі прадэманстравалі падчас мерапрыемства «Квасоўскія Велікодныя чытанні»

Унікальныя абразы, майстэрства пісанкі і гісторыя Вялікадня. Усё гэта ўбачыць і пачуць змаглі госці квасоўскіх Велікодных чытанняў. Мерапрыемства такого кшталту для аграгарадка дэбютнае, правялі яго ў Квасоўцы мясцовы цэнтр развіцця культуры і народнай творчасці і раённы культурна-інфармацыйны цэнтр.

– Сумесна мы арганізавалі новы культурна-пазнавальны праект «Мінулае – лепшы падарунак сучаснасці». Прысвечаны ён Году гістарычнай памяці. Гэтым праектам мы адкрываем цыкл мерапрыемстваў: будзем дэманстраваць абрады, традыцыі, святы на тэрыторыі Квасоўскага сельсавета на працягу года, – распавяла  вядучы метадыст Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Наталля Рамановіч.

Раней тут ужо адбыліся майстар-класы па саломапляценні і вырабу «гродзенскіх» велікодных пальмаў. А на гэты раз свае таямніцы раскрывалі носьбіты традыцый аздаблення сапоцкінскіх пісанак. Таксама прысутныя змаглі даведацца пра валачобныя традыцыі нашых продкаў.

Квасоўскі цэнтр развіцця культуры і народнай творчасці прадставіў выставу абразоў пад агульная назвай «Шлях да неба». Экспазіцыю сабралі літаральна за два тыдні. Выявы святых людзі прывозілі не толькі з Квасоўкі, але і з Гродзенскага раёна і абласнога цэнтра. Таксама ёсць экземпляры з Бераставіцкага, Свіслацкага і Мастоўскага раёнаў.

 – На нашай выставе звыш 20 абразоў. Гэта як сучасныя, так савецкага і дасавецкага перыяду. Людзі адгукнуліся і пачалі несці іконы – нават вельмі старыя, – адзначыў  загадчык філіяла Квасоўскага цэнтра развіцця культуры і народнай творчасці Дзяніс Балабуеў.

Можна ўбачыць абразы даваеннага і міжваеннага часоў, тыя, якія людзі аздаблялі самі, побач знаходяцца і даволі новыя экземпляры. Адзін з самых цікавых абразоў – з аграгарадка Азёры, належыў родзічам Дзяніса Балабуева. «Абраз датуецца сярэдзінай XIX стагоддзя. Выява хрыста напісана золатам. Як мяркуецца, абраз належыў царкве, але калі храм быў разбураны, яго забралі мясцовыя жахары да сябе ў хату, каб зберагчы», – патлумачыў уладальнік.

Затым экспазіцыя абразоў з мясцовага цэнтра культуры на нейкі час «пераедзе» у Квасоўскі праваслаўны храм Святога Іаана Кармянскага. Дарэчы, яго настаяцель айцец Георгій Рой таксама дапоўніў выставу яшчы адным экспанатам – рэпрадукцыяй Турынскай плашчаніцы, у якую, як вядома, было загорнута цела Хрыста.

 – На гэтай плашчаніцы захаваўся адбітак Хрыста – бачны абрысы параненых рук і ног. Гэтую плашчаніцу я некалі набыў у тым самым горадзе Турыне, дзе захоўваецца арыгінал святыні, – патлумачыў настаяцель храма Георгій Рой.

У святочную нядзелю, 24 красавіка, Квасоўка запрашае ўсіх на Велікодны фэст. На плошчы аграгарадка разгорнецца выстава-кірмаш, гульні і забавы, не абыйдзецца без традыцыйнага абхода двароў валачобнікамі, таксама запланавана дэгустацыя самага вялікага велікоднага пірага.